Студэнты-першакурснікі спецыяльнасці “турызм і гасціннасць” пазнаёміліся з традыцыяй святкавання Дзядоў на Беларусі, наведаўшы разам з куратарам старшым выкладчыкам кафедры турызма і культурнай спадчыны Жылко У.А. цікавую імпрэзу ў музеі гісторыі рэлігіі.
Для гасцей супрацоўнікі музея падрыхтавалі займальную экскурсію па выставе “Непарыўная ніць. Дзяды ў беларускай традыцыі”, падчас якой распавялі пра традыцыі шанавання продкаў, якія склаліся на працягу тысячагоддзяў. Свята мае даўнія гістарычныя карані яшчэ з паганскіх часоў, але гэтая традыцыя на Беларусі і яе культура трывала захавалася і ў хрысціянскі перыяд. Напярэдадні дня памяці продкаў многія праводзяць генеральную ўборку ў доме, і асаблівую стараннасць праяўляюць у мыцці вокнаў, бо лічыцца, што на Дзяды душы памерлых прыходзяць у дом, каб паглядзець, як жывуць іх дзеці, унукі і праўнукі. Як правіла, у дзень святкавання Дзядоў было прынята ладзіць багатую вячэру ў гонар памерлых продкаў. Продкі павінны былі добра паесці і павесяліцца, інакш яны маглі б наслаць няшчасці на сям'ю. Пачынаў вечар гаспадар дома: ён са свечкай у руках абыходзіў святочны стол, а потым адчыняў усе дзверы і вокны і клікаў продкаў на вячэру. Клікаць трэба было ўсіх па імёнах, што даказвала, што свой род шанавалі і памяталі ўсіх, хто даў жыццё сям'і.