Зборнік “Гісторыя Беларусі ў ХХ стагоддзі. Памяці прафесара Івана Коўкеля”
Выйшаў з друку зборнік навуковых артыкулаў “Гісторыя Беларусі ў ХХ стагоддзі. Памяці прафесара Івана Коўкеля”. Зборнік прысвечаны памяці беларускага гісторыка, кандыдата гістарычных навук, прафесара кафедры гісторыі Беларусі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Івана Іванавіча Коўкеля (1942–2009), якому ў 2017 г. магло б споўніцца 75 гадоў. У зборніку прынялі ўдзел аўтары з Беларусі, Украіны і Японіі, якія ў сваіх артыкулах закранаюць розныя аспекты навейшай гісторыі Беларусі: беларускі нацыянальны рух, палітычная, сацыяльная і эканамічная гісторыя Заходняй Беларусі ў складзе Польшчы, гісторыя беларускай дыяспары. Навуковым рэдактарам зборніка выступіў кандыдат гістарычных навук, старшы выкладчык кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін Аляксандр Горны.