
№ 6 (8) Памяць продкаў - "Дзяды"
Вітаю вас, шаноўныя чытачы «Галёркі»! Я заўважыла, што кожны нумар нашай газеты мае свой уласны настрой. Вераснёўскі - з прысмакам спелага кавуна і лёгкай настальгіяй аб леце. А Кастрычніцкі, той, які цяпер перад вамі, - з водарам лісця і дыму. У ім больш разважанняў, «філасофіі». На старонках «Галёркі» студэнты нашага факультэта ахвотна дзеляцца сваімі думкамі, сваімі адкрыццямі, сваімі перамогамі. Балет, футбол, музыка, аўтамабілі - здаецца, абсалютна розныя тэмы, якія, аднак, бесперашкодна сумяшчаюцца на старонках газеты. Месяц быў багатым на падзеі: адкрыццё ў Гімназіі № 4 новай экcпазіыі, прысвечанай войнам XX стагоддзя, цеснае супрацоўніцтва са школамі горада - папулярызацыя гістарычных ведаў сярод школьнікаў з дапамогай заняткаў і экскурсій і шмат іншага. У пачатку лістапада беларусы адзначаюць Восеньскія Дзяды. Каталікі - 2 лістапада, праваслаўныя - у адну з субот з 1 па 11 лістапада, дзяржаўны Дзень памяці адзначаецца 2 лістапада. У гэтыя дні людзі ходзяць на магілкі сваіх памерлых родзічаў, прыбіраюць іх, запальваюць свечкі і чытаюць малітвы за душы тых, каго з намі больш няма. Хочацца пажадаць вам, шаноўныя студэнты, не забывацца пра сваіх продкаў і шанаваць народныя і сямейныя традыцыі!