На выставе кніг “Генерал свабоды”
17 студзеня 2017 г. студэнты-гісторыкі першага курса разам з куратарам прафесарам С.В. Марозавай пабывалі на выстве кніг “Генерал свабоды”, прысвечанай 180-годдзю нараджэння Валерыя Урублеўскага, у Гродзенскай абласной бібліятэцы імя Я. Карскага. Гэта быў вельмі пазнавальны “паход” у бібліятэку. Студэнты даведаліся пра жыццёвы шлях, рэвалюцыйную дзейнасць, няпросты лёс аднаго з кіраўнікоў паўстання 1863 г. у Гродзенскай губерні, паплечніка Канстанціна Каліноўскага, а потым – генерала Парыжскай камуны Валерыя Урублеўскага.
На выставе была прадстаўлена каштоўная калекцыя кніг пра падзеі і герояў паўстання 1863–1864 г. у Беларусі. Гэта – кнігі, якія ўяўляюць сабой як савецкую гістарыяграфічную класіку, як, напрыклад, манаграфіі А.Ф. Смірнова, так і выданні сучаных аўтараў, у тым ліку кандыдата гістарычных навук загадчыка аддзела публікацыі дакументаў Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі Дзмітрыя Часлававіча Матвейчыка (пачынаў сваю гістарычную адукацыю на нашым факультэце), кандыдата гістарычных навук загадчыка кафедры Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта А.Р. Радзюка (выпускніка нашага факультэта), а таксама матэрыялы навуковых канферэнцый, праведзеных з нагоды 150-годдзя паўстання.
Студэнты мелі магчымасць пагартаць рарытэтныя і рэдкія выданні пра паўстанне, а таксама сучасныя кнігі (не менш рэдкія, бо, як правіла, выдадзены невялікім накладам).
Пасля гэтага работнікі краязнаўчага аддзела абласной бібліятэкі пазнаёмілі студэнтаў з яшчэ адной экзатычнай кніжнай выставай. Яна называецца “Самаробная кніга”. Аказваецца, вяршыню творчай фантазіі можна праявіць і ў гэтай сферы.