Студэнтка 4 курса факультэта гісторыі, камунікацыіі турызму Мікелевіч Таццяна на базе Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта адкрыла бескаштоўную школу побытавага танца.

Чаму навучаць у Школе побытавых танцаў

Школа паўстала як развіццё этнавечарын, якія ладзіла Суполка традыцыйнай культуры. Два гады таму праходзілі “Этнавечарыны ў яблыневым садзе”, сёлета — “Этнавечарыны ў Шэкспіра”. Калі ж надыйшла восень і на вуліцы танцаваць стала холадна, Антось (яшчэ адзмн арганізатар школы) і Таццяна задумаліся пра стварэнне школы. Тут больш грунтоўна вучаць асаблівасцям танцаў, каб потым танцаваць з асалодай, а не ўспрымаць гэта як практыкаванне.

 

— Танцы – добры від фітнэса і адпачынку. Адзін танец доўжыцца шэсць-сем хвілін, а запар танцуецца іх некалькі. Да таго ж, нарошчваецца тэмп. Калі добра патанцаваць, то дома на вагах убачыш прыемную лічбу, — кажа Антось.

— Жанчыны, якія займаюцца любымі танцамі, падчас цяжарнасці не пакутуюць ад болеў у нагах, спіне, бо ўсе натрэнірована, — дадае Таццяна.

Адзін танец у школе развучваюць 30-40 хвілін. За занятак праходзяць адзін-два танцы. У Школу ходзіць як моладзь, так і людзі ва ўзросце. Пакуль на занятках было шэсць параў – каля 12 чалавек. Стваральнікі кажуць, што гэта аптымальная колькасць, бо так прасцей працаваць і ўсім прыдзяліць увагу.

Побытавыя танцы гэта тыя, якія танцавала сялянства ў 19-20 ст. На вечарыны ў хаце збіралася ўся моладзь, каб “на другіх паглядзець і сябе паказаць”. Часам туды прыходзілі бацькі маладога ці маладой, каб выбраць для іх пару. Старэйшыя людзі сачылі, каб не было заляцанняў.

— Танцы раней былі важным момантам зносінаў паміж дзяўчынай і хлопцам, — наперабой расказваюць Антось і Таццяна. — Гэта быў ці не адзіны момант, калі жанчыну можна было абняць і камунікаваць на блізкай алегласці. Гэта адзін з сімвалічных этапаў збліжэння двух асоб.

У побытавых танцах была свая культура зносін. Дзяўчына мела права адмовіць хлопцу ў запрашэнні танцаваць у двух выпадках: калі ён быў жанаты і калі ён быў п’яны. Калі яна адмаўляла раз, другі, трэці, музыкі спынялі танцы. Яны гралі марш, а дзяўчына атрымоўвала публічную знявагу і пад марш выходзіла з хаты.

Падчас танцаў хлопцу нельга было дакранацца да спадніцы, да калена – спадніца лічылася сакральным месцам. Калі ў дзяўчыны задзерся падол спадніцы, гэта была апошняя дзеўка на вёсцы. У той час гэта было тым жа самым, што стаяць “на Ленинградке”.

У побытавых танцах няма вялікага крока, скока. Танцуюць усёй стапой, не цягнуць насок. Танец адбываецца на невялікай адлегласці. Гэта вынікае з некалькіх момантаў. Па-першае, эканомія сваіх сілаў пасля дзённай працы. Па-другое, пар было шмат, а хата невялікая. Па-трэцяе, калі цягнулі наскі, маглі парваць абутак. А гэта было сорамна. Да таго ж, маглі быць розныя ўмовы, якія трансфармавалі танец у той ці іншай вёсцы. У вялікай вёсцы адзін танец маглі па-рознаму танцаваць у розных яе канцах.

Беларускія танцы стрыманыя, лёгкія і накіраваныя на парнае ўзаемадзеянне. Ад рускіх танцаў яны адрозніваюцца адсутнасцю красавання, сольных танцаў, ад польскіх і літоўскіх — больш багатай харэаграфіяй.

Чаму зніклі побытавыя танцы?

— Народ пераўтвараецца ў спажыўца, — расказвае Антось. — З Савецкім Саюзам, Дамамі культуры з’явілася сцэна, дзе выступаюць артысты, і зал, дзе сядзіш ты. А ў танцы ты павінен быць удзельнікам. Зараз тэндэнцыя ідзе ў іншы бок: людзі ходзяць на флэшмобы, танцы, фітнэс, бо хочуць чымсьці займацца. Людзі шукаюць, дзе сябе рэалізаваць. Некаторым падабаюцца ірландскія танцы, капаэйра, сальса. А ёсць беларусы, якія шукаюць штосьці адметнае, традыцыйнае. Каму цікавы мова, культура, традыцыі продкаў – запрашаем!

Антось і Таццяна кажуць, што найбольш чакаюць студэнтаў.

— Для студэнтаў гэта можа быць момантам змены свядомасці і адпраўной кропкай любові да традыцыйнай культуры, Беларусі і мовы. І дарослае жыццё яны пабудуюць адносна традыцый. Нам усім прывілі любоў да традыцый на этапе студэнцтва.

Заняткі праводзяць па-беларуску, таму гэта можа быць дадатковай моўнай практыкай. Школа побытавых танцаў захоўвае важную традыцыю: аматары вучаць іншых таму, што вывучылі самі.

Заняткі праходзяць кожную пятніцу з 19.00 да 21.00 у памяшканні №1 ў корпусе ГрДУ на Леніна, 32. У планах – майстар-клас па любаньскім танцам з Сяргеем Выскваркам, кіраўніком узорнага фальклорнага танцавальнага калектыву “Верабейкі”, і адкрытая этнавечарына.

 

 

 

Вход на сайт