Экскурсія па Гродзенскіх Фарных могілках
У чацвер, 15 верасня адбылася экскурсія па Фарных могілках, якую вёў супрацоўнік Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея сп. Андрэй Вашкевіч. Удзел у экскурсіі прымалі студэнцкі навукова-краязнаўчы гурток “Ніка”, але, нажаль, іншыя студэнты факультэта гісторыі, камунікацыі і турызма на экскурсію не трапілі.
Фарныя могілкі заснаваны ў траўні 1792 г. і з’яўляюцца трэцім некропалем пасля Росаў у Вільні і Лычакоўскіх могілак у Львове на ўсходняй частцы былой Рэчы Паспалітай. Акрамя магілы вядомай пісьменніцы Элізы Ажэшкі, тут пахаваны людзі розных прафесій і заняткаў: настаўнікі, лекары, скульптары, жаўнеры і афіцэры розных армій, каталіцкія святары, уладальнікі крамаў і прадпрыемстваў.
Могілкі сталі месцам уплыву культур і рэалізацыі эстэтычных густаў шматнацыянальнай грамадскасці горада на працягу амаль двух стагоддзяў. Надмагільныя ансамблі, якія стваралі польскія, беларускія, габрэйскія і іншыя архітэктары і майстры, адлюстроўваюць мноства стыляў сакральнага мастацтва – ад класіцызму ХVІІІ стагоддзя праз эклектызм і сецэсію да функцыянальных формаў паміжваеннага часу.
Нажаль на сённяшні момант могілкі не маюць статуса гістарычнай каштоўнасці, і не знаходзяцца пад аховай дзяржавы. Таксама час і прырода бяруць сваё. Як адзначыў сп. Вашкевіч, некалькі год таму былі высячаны старыя дрэвы і цяпер могілкі зарастаюць кустоўем і травой, якім добра расці без перашкод. Нельга казаць, што нічога ўвогуле не робіцца. За асобнымі магіламі даглядаюць сваякі памерлых і валанцёры, але, калі цэнтр могілак больш-меньш мае цывільны выгляд, то на ўскраіне – “непраходныя джунглі”.Таксама шмат магіл патрабуюць аднаўленчай працы: у некаторых пашкоджана агароджа, альбо сам помнік, зваленыя і сагнутыя, альбо ветрам альбо вандаламі крыжы. Таксама былі выпадкі крадзяжу металічных канструкцый на металалом.
Такім чынам, хацелася б звярнуць увагу на сённяшні стан Фарных могілак, бо калі мы будзем з павагай адносіцца да тых хто даўно сышоў з жыцця, то мы будзем з павагай адносіцца да сябе і да людзей.