23 мая факультэт гісторыі, камунікацыі і турызма разам з Інстытутам гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук і Гродзенскім дзяржаўным музеем гісторыі рэлігіі правялі прэзентацыю манаграфіі “Канфесійны фактар у сацыяльным развіцці Беларусі

 

 

Пры мностве навуковай літаратуры, якая за апошнія гады выйшла з-пад пяра беларускіх даследчыкаў канфесійнай гісторыі, гэта кніга – асобага роду. Яна ўяўляе сабой фундментальнае акадэмічнае выданне, якое можна лічыць абагульняючай працай па канфесійнай гісторыі Беларусі на значным храналагічным адрэзку. Фактычна гэта другое ў Рэспубліцы Беларусь абагульняючае выданне па дадзенай праблематыцы пасля кнігі “Канфесіі на Беларусі. Канец XVIII – ХХ ст.” (Мінск, 1998), падрыхтаванай навуковым калектывам Інстытута гісторыі (У.І. Навіцкі, В.В. Грыгор’ева (Яноўская), А.М. Філатава) у супрацоўніцтве з ксяндзом У.М. Завальнюком, магістрам тэалогіі і кандыдатам гістарычных навук. Такога роду кнігі выходзяць раз у некалькі дзесяцігоддзяў.

 

Кніга “Канфесійны фактар у сацыяльным развіцці Беларусі (Канец XVIII– пачатак XX ст.)” рыхтавалася на працягу пяці гадоў (2011–2015) у межах Дзяржаўнай праграмы «Гісторыя, культура, грамадства, дзяржава». У яе выкананні прынялі ўдзел супрацоўнікі аддзела гістарыяграфіі і метадаў гістарычнага даследавання Інстытута гісторыі НАН Беларусі (Яноўская В.В., Філатава А.М., Зянюк Р.У., Анофранка Н.В., Сакольчык А.Э., Церашкова К.С.), а таксама двое спецыялістаў па канфесійнай гісторыі ХІХ ст. з рэгіянальных універсітэтаў: з Гродна – даследчык гісторыі ўніяцкай царквы доктар гістарычных навук С.В. Марозава і даследчык з Брэста – кандыдат гістарычных навук С.М. Васовіч. Навуковым рэдактарам кнігі з’яўляецца загадчык аддзелам гістарыяграфіі і метадаў гістарычнага даследавання Інстытута гісторыі НАН Беларусі, кандыдат гістарычных навук, дацэнт В. В. Яноўская.

Прэзентацыя не выпадкова адбылася ў Гродна. Тут – адзіны ў Беларусі Музей гісторыі рэлігіі, у якім адбылася прэзентацыя. У Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы існуе моцная навуковая школа даследавання канфесійнай гісторыі Беларусі.

Інтэлектуальным цэнтрам гэтай школы з’яўляецца кафедра гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін. Яшчэ з сярэдзіны 1950-х гадоў бяруць свой пачатак вытокі гэтай школы ў Гродзенскім універсітэце (тады яшчэ педагагічным інстытуце). Сёння яе прадстаўляюць ва ўніверсітэце 4 кандыдаты навук (кандыдаты гістарычных навук С.У.Сілава, А.М. Загідулін, А.Горны, кандыдат культуралогіі І.І.Трацяк) і два дактары гістарычных навук (С.В. Марозава і Э.С. Ярмусік), а таксама выпускнікі ўніверсітэта, якія спецыялізаваліся па гэтай кафедры, а цяпер працуюць у іншых установах горада (загадчык кафедрай Гродзенскага аграрнага ўніверсітэта, кандыдат гістарычных навук, дактарант Інстытута гісторыі НАН Беларусі А. І. Ганчар; кандыдат гістарычных навук, старшы навуковы супрацоўнік Гродзенскага дзяржаўнага музея гісторыі рэлігіі І. Г. Ганчарук). Кожны з прадстаўнікоў гэтай школы мае па 2–3 манаграфіі, многія дзесяткі, а то і сотні навуковых артыкулаў, і гэтымі працамі вядомыя ў навуковым свеце нашай краіны і па-за яе межамі. Сваімі даследаваннямі названыя прадстаўнікі навуковай школы ахопліваюць хрысціянскія канфесіі, якія маюць на тэрыторыі Беларусі вялікую гістарычную традыцыю: праваслаўе, каталіцызм, уніяцтва. Працы гэтых аўтараў заснаваны на грунтоўнай крыніцавай базе. Гістарычныя крыніцы яны чэрпаюць з архіваў і рукапісных аддзелаў бібліятэк Беларусі і суседніх краін: найперш, Літвы і Расіі, дзе адклаліся вялізныя дакументальныя скарбы: напрыклад, Архіў Віленскай капітулы (Вільнюс), Архіў уніяцкіх мітрапалітаў (Санкт-Пецярбург).

Гісторыка-канфесійнай праблематыкай таксама цікавіцца шэраг іншых выкладчыкаў факультэта. Па ёй выконваюцца кандыдацкія, магістарскія дысертацыі, курсавыя і дыпломныя работы.

 

У поліканфесійным Гродзенскім краі краі пытанні гісторыі рэлігіі і царквы выклікаюць вялікую цікавасць гродзенцаў: гуманітарыяў, студэнтаў, краяведаў, духавенства, вернікаў, аматараў гісторыі.

Інстытут гісторыі на гэтай прэзентацыі прадстаўлялі загадчык аддзелам гістарыяграфіі і метадаў гістарычнага даследавання Інстытута гісторыі НАН Беларусі, кандыдат гістарычных навук, дацэнт В. В. Яноўская – ініцыятар, натхніцель, арганізатар падрыхтоўкі гэтага 500-старонкавага фаліянта, яна ж – кіраўнік аўтарскага калектыва і навуковы рэдактар. У прэзентацыі ўдзельнічала таксама навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі, кандыдат гістарычных навук Р.У. Зянюк – малады, але ўжо вядомы і прызнаны спецыяліст па гісторыі рымска-каталіцкай царквы Беларусі ў ХІХ ст.

На прэзентацыю прыйшлі прадстаўнікі праваслаўнага, рыма-каталіцкага і грэка-каталіцкага духавенства. Прэзентацыя сабрала больш за паўсотню слухачоў.

Не паспелі мінскія і гродзенскія даследчыкі прадставіць зацікаўленай публіцы сваё новае выданне, як ўжо строяць новыя сумесныя планы – іх чакаюць аналагічныя працы па канфесійнай гісторыі Беларусі ХХ ст., а таксама Х – XVIII стагоддзяў. 

Вход на сайт