Сустрэча з нагоды 125-годдзя з дня нараджэння Мікалая Андрэевіча Чарвякоўскага адбылася ў Гродзенскай абласной бібліятэцы імя Яўхіма Федаравіча Карскага
Творчы праект “Светлыя знічкі на бібліятэчным небасхіле Гарадзеншчыны” распачала Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я.Ф. Карскага. Першая сустрэча ў рамках праекта адбылася з нагоды 125-годдзя з дня нараджэння Мікалая Андрэевіча Чарвякоўскага. На сустрэчу запрасілі і студэнтаў факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.
Бібліяфіл, энтузіяст, краязнаўца, публіцыст, чалавек з надзвычай трагічным лёсам – так характарызавала Мікалая Андрэевіча загадчык аддзела краязнаўства Любоў Іванаўна Турмасава. Яна адкрыла вечарыну і пазнаёміла ўдзельнікаў з біяграфіяй Мікалая Андрэевіча Чарвякоўскага. Ён нарадзіўся ў Гродне ў 1891 годзе. Пасля заканчэння Гродзенскай гарадской гімназіі вучыўся спачатку ў Юр’еўскім (цяпер Тартускім), а потым – у Пецярбургскім універсітэце. У грамадзянскую вайну Мікалай Андрэевіч скончыў курсы ваенных бібліятэкараў у Калузе. У 1922 годзе вярнуўся ў Гродна і прысвяціў сваё жыцце бібліятэчнай справе. З 1939 года Чарвякоўскі працаваў у Гродзенскай гарадской бібіліятэцы. Пачалася вайна. Ва ўмовах акупацыі, калі частка фондаў бібліятэкі была знішчана, а чытаць савецкія кнігі было забаронена, ён арганізаваў у сваёй кватэры падпольную бібліятэку. Галоўным сэнсам жыцця Мікалая Андрэевіча і да, і падчас, і пасля вайны былі кнігі. Яго намаганнямі Гродзенская гарадская бібліятэка адчыніла свае дзверы ўжо на дзясяты дзень пасля вызвалення горада Гродна ад захопнікаў.
Жыццю і дзейнасці юбіляра прысвечана выстава, якую наладзілі супрацоўнікі бібліятэкі да вечарыны. Выстава знаёміць з гістарычнмі нарысамі Мікалая Андрэевіча, якія ён надрукаваў пасля вайны ў газеце “Гродзенская праўда”. Упрыгожыла выставу кніга прафесара кафедры агульнай і славянскай гісторыі, доктара гістарычных навук Валерыя Мікалаевіча Чарапіцы “Са скарбніцы кніжных паліц”, якую ён выдаў яшчэ ў сярэдзіне 90-ых. “Гісторыя гэтага чалавека не павінна быць забытая, – упэўнены Валерый Мікалаевіч. – У гады вайны ён быў кантужаны, амаль страціў слых і зрок, але нястомна працягваў працаваць у бібліятэцы, у архівах. У гісторыі горада Гродна не было такой падзеі, якую пакінуў бы без увагі Чарвякоўскі ў сваіх работах”.
Загадчыца бібліятэкі Лідзія Васільеўна Мальцава са слязамі на вачах распавяла пра тое, што калі Андрэй Мікалаевіч не змог больш чытаць кніг, нават трымаючы іх перад самым тварам, і не змог працаваць у бібліятэцы, ён усё роўна прыходзіў, стаяў перад кніжнымі паліцамі і ўдыхаў водар кніг – так моцна быў ім адданы.
У выступленні прафесара Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Аляксея Міхайлавіча Петкевіча прагучаў своеасаблівы заклік да прысутнай моладзі: постаць Мікалая Андрэевіча Чарвякоўскага надзвычай цікавая і надзвычай трагічная. Гродзенцы, асабліва маладое пакаленне, павінны памятаць пра гэтага неардынарнага чалавека. Таму што яго жыццё – частка нашай гісторыі.
Фота Дз. Якубоўскага