2015 - год М.К. Агінскага
2015-ты год рашэннем сусветнай арганізацыяй ЮНЕСКА быў аб’яўлены Годам Міхала Клеафаса Агінскага (1765–1833 г.). Споўнілася 250 гадоў з дня нараджэння гэтага вядомага дзяржаўнага дзеяча, дыпламата і кампазітара, які адыграў значную ролю ў дзяржаўным, грамадска-палітычным і культурным жыцці Беларусі, Літвы, Польшчы. М.К.Агінскі – знакавая постаць і нашай гісторыі, у якую ён увайшоў найперш як аўтар паланэза “Развітанне з Радзімай”, які, напісанны, хутчэй за ўсё ў Залессі, каля Смаргоні, сёння мае сусветную вядомасць. М.К.Агінскі вядомы таксама планам адраджэння Вялікага Княства Літоўскага, які ён хацеў рэалізаваць з дапамогай расійскага імператара Аляксандра І.
У гонар М.К.Агінскага факультэт гісторыі, камунікацыі і турызма правёў сумесна з Гродзенскім дзяржаўным гісторыка-археалагічным музеем круглы стол. На ім выступалі выкладчыкі і студэнты, якія спецыяльна займаюцца даследаваннем жыцця і дзейнасці М.К.Агінскага або праз чые даследаванні праходзіць гэта постаць. З новымі старонкамі біяграфіі М.К.Агінскага і яго эпохі, з пытаннем ушанавання яго памяці пазнаёмілі кандыдаты гістарычных навук В.А. Белазаровіч, І.Ф. Кітурка, С.У.Амелька, магістр гісторыі С.П.Марозаў, а таксама музейныя работнікі І.І. Граблеўская і К.В. Галота.
Вынікі сваіх навуковых даследаванняў прадставілі студэнты IV курса, якія вывучаюць асобу і справы М.К.Агінскага, Д.В. Станкевіч і Г.С. Гайко.
Круглы стол праходзіў ў будынку Новага замка, дзе, здаецца, вітала гістарычная атмасфера XVIII стагоддзя.