Студэнты факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму наведалі Музей гісторыі Гарадніцы

Старадаўнія ігральныя карты, незвычайны посуд, шкляныя вырабы, гродзенскія старадрукі, узоры старажытнага сукна, макет Гарадніцы – цэнтральнай гістарычнай часткі горада Гродна, – усе гэтыя каштоўнасці выстаўлены ў Музеі гісторыі Гарадніцы. Дакрануцца да мінулага тут можа кожны, хто цікавіцца гісторыяй роднага краю. Дзверы музея адчыніліся і для студэнтаў 3 курса спецыяльнасці “Журналістыка”.

  Экскурсія ў невялікім драўляным будынку на вуліцы Э.Ажэшкі, у так званым “Доме майстра”, які сёння ёсць помнікам архітэктуры 18 стагоддзя, дазволіла на паўгадзіны акунуцца ў гістарычную атмасферу, даведацца пра дзейнасць гродзенскага старасты Антонія Тызенгаўза, атрымаць уяўленне пра яго вялікі мануфактурны план. Дзякуючы працы знакамітага рэфарматара Гарадніца за кароткі час пераўтварылася ў буйны гандлёвы і рамесны цэнтр. Яе сталі называць “квітнеючай Галандыяй”, тут пачалі функцыянаваць больш за 17 мануфактур рознай накіраванасці. Працавала ў Гродне адзіная ў ВКЛ майстэрня па вырабе ігральных карт, адной з найбольш вядомых была шоўкаткацкая мануфактура. Да нашых дзён захаваліся шалі, паясы, карункі, усё гэта можна ўбачыць у музеі на свае вочы.

Нумары “Газеты Гродзеньскай”, узоры старажытных мінералаў, геаграфічныя мапы – дыханне даўніны адчуваецца ў кожным з выстаўленых экспанатаў. Усе рэчы арыгінальныя, унікальныя, а таму надзвычай каштоўныя. Усё хацелася разгледзець як мага больш уважліва, не прапусціць дробязей. Музей захоўвае памяць і пра выбітнага французскага навукоўца Жана-Эмануэля Жылібера. З яго ініцыятывы ў Гродне з’явілася вышэйшая навучальная ўстанова – “Медычная акадэмія”, быў закладзены ў Гарадніцы каралеўскі батанічны сад – сёння гэта Цэнтральны гарадскі парк імя Ж.Жылібера.

У асобных памяшканнях музея рэканструяваны быт тагачаснага рамесніка. Студэнты пабылі ў стылізаваных пад тагачасныя ўмовы жылых пакоях, кухні і сенцах, убачылі рушнікі, куфар, гліняныя вырабы і іншыя прадметы матэрыяльнай культуры, многія з якіх былі адшуканыя падчас археалагічных раскопак, даведаліся, як магла выглядаць гаспадыня такога дома, – гэта значыць, набылі новыя веды і пра традыцыйную культуру беларусаў.

Наведванне музея даказала, што знаёмства ў гісторыяй роднай зямлі па-за межамі ўніверсітэцкіх аўдыторый дазваляе стварыць больш дакладнае ўяўленне пра гістарычны перыяд, быт, праблемы і зацікаўленні людзей, ролю асобы ў гісторыі. Музей гісторыі Гарадніцы дзіўным чынам спалучае мінулае і сучаснае, дае магчымасць дакрануцца да тагачаснага жыцця гродзенцаў і правесці паралель з цяперашняй рэальнасцю. Такі вопыт не забываецца.





 
79.jpeg - 158.44 KB
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 

 

Вход на сайт