Дзень беларускай пісьменнасці-2015
6 верасня ў Шчучыне адбыўся Дзень беларускай пісьменнасці. Студэнты факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму прынялі актыўны ўдзел у падрыхтоўцы і правядзенні свята.
Дзень беларускай пісьменнасці праходзіць кожны год у першую нядзелю верасня. Упершыню свята праводзілася ў 1994 г. у Полацку. Сутнасць гэтага свята – паказаць адзінства беларускага друкаванага слова з гісторыяй і культурай беларускага народа. Традыцыйна Дзень беларускай пісьменнасці праходзіць у гарадах, якія з’яўляюцца гістарычнымі цэнтрамі культуры, навукі, літаратуры і кнігадрукаванння.
Сёлетняе мерапрыемства было насычана духам пісьменнасці, бо ні для каго не сакрэт, што Шчучын – гэта радзіма знакамітай пісьменніцы Элаізы Пашкевіч, больш вядомай як Цётка.
Францыск Скарына (Мікалай Макарэеў), Мікола Гусоўскі (Яўген Косач), Антоній Тызенгаўз (Дзмітрый Аляксеенкаў), Эліза Ажэшка (Вераніка Кузьміч), Францішак Багушэвіч (Мікіта Каранкевіч), Элаіза Пашкевіч (Ганна Седунова), Васіль Вітка (Антон Арцюх), Уладзімір Караткевіч (Ілля Хоцім), героі Вялікай Айчыннай вайны, якія абаранялі Шчучын, – Пётр Батыраў (Аляксандр Перагудаў) і Белякоў Мікалай (Дзмітрый Станкевіч) спрабавалі стварыць атмасферу мінулага: ад пачатку першадрукарства да цяперашняга часу, часу інфарматызацыі, які патрабуе ад чалавека ведання вялікай колькасці інфармацыі. І шчучынцы, і госці горада мелі магчымасць не толькі сфатагрфавацца з гістарычнымі персанажамі (што яны рабілі з вялікай ахвотай), але і даведацца пра некаторыя біяграфічныя звесткі з іх жыцця.
Свята было вельмі насычаным: працавалі канцэртныя пляцоўкі, са сцэны якіх гучалі песні як знакамітых, так і малавядомых аўтараў, уздоўж вуліц месціліся кніжныя палаткі, дзе кожны наведвальнік мог набыць сабе літаратурныя выданні, газеты, часопісы. Выступленні ілюзіяністаў надавалі вуліцам дух таямнічасці і загадкавасці.
Мерапрыемства доўжылася да 4 гадзін раніцы і закончылася яскравым салютам!
У наступным годзе мерапрыемства такога кшталту пройдзе ў Рагачове.
Дзмітрый Станкевіч, 4 курс