Традыцыйная паездка на Краснасельскія шахты

7 лістапада 2025 г. у рамках работы Студэнцкай навукова-даследчай археалагічнай лабараторыі адбылася традыцыйная паездка для студэнтаў першага курса спецыяльнасці “Гісторыя” на Краснасельскія шахты (Ваўкавыскі раён).

Акрамя іх, удзел у экскурсіі прынялі студэнты 2 і 4 курсаў спецыяльнасці “Гісторыя (археалогія)” пад кіраўніцтвам дацэнта кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін, кандыдата гістарычных навук Гаршкова А. Д.

Пад час паездкі студэнты наведалі рэшткі сядзібы XVII-XX стст., размешчанай у г.п. Рось. Уласна на тэрыторыі лінзы 2а, дзе знаходзіцца невялікая колькасць закансерваваных вусцяў шахт, Гаршкоў А. Д. распавёў пра гісторыю даследавання помніка і навакольных тэрыторый.

Наступная частка паездкі традыцыйна складалася з археалагічнай разведкі, падчас якой студэнты займаліся пошукам майстэрань па вырабу крамянёвых сякер, якія 100 гадоў таму зафіксаваў З. Шміт пад час адкрыцця першабытных шахт па здабычы крэменю. Вынікам праведзеных даследаванняў стала фіксацыя дзвюх майстэрань № 4 і № 8, дзе была сабрана значная калекцыя крамянёвых артэфактаў.

Трэба адзначыць, што дадзеная паездка на Краснасельскія шахты для студэнтаў першага курса спецыяльнасці “Гісторыя” адбылася ўжо шосты год запар, што, у сваю чаргу, сведчыць аб замацаванні дадзенай традыцыі на кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін.

Вход на сайт