Археалагічныя даследаванні Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы ў 2025 годзе: папярэднія вынікі

З 30 чэрвеня па 12 ліпеня 2025 г. студэнтамі першага курса спецыяльнасці “Гісторыя” у межах археолага-этнаграфічнай практыкі і сябрамі Студэнцкай навукова-даследчай археалагічнай лабараторыі праводзіліся археалагічныя даследаванні на новым помніку першабытнасці Белыя Рэчкі 1, размешчаным каля г.п. Рось Ваўкавыскага раёна.

 

Пад кіраўніцтвам кандыдата гістарычных навук, дацэнта кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін Гаршкова А. Д. была здзейснена экспларацыя аб’екта ў межах раскопа 1 (18 кв.м.), шурфоў 2 і 3 (8 кв.м.). У выніку дадзеных работ была назапашана калекцыя матэрыялаў, якая складаецца з больш за 600 адзінак, і залягала ў розных умовах. Асноўная частка артэфактаў была прымеркавана да шэрай дзярнова-падзолістай глебы і адносіцца да перыядаў фінальнага палеаліту (свідэрская культура) і позняга неаліту-бронзавага часу. Аднак, важным з’яўляецца тое, што ніжэй, у шурфах 2-3 і раскопе 1, былі зафіксаваны пясчана-жвіровыя адклады, у якіх былі выяўлены археалагічныя матэрыялы – скрабкі, разцы, пласціны рэтушаваныя, дэбітаж. Зыходзячы з стратыграфічнага палажэння адкладаў і геамарфалагічнай будовы мясцовасці, можна выказаць здагадку, што гэты пласт утварыўся у аршанскі перыяд дэградацыі апошняга паазерскага зледзянення. Але для пацвярджэння дадзенай думкі патрэбна правядзенне дадатковых даследаванняў.

Яшчэ адным з кірункаў праведзеных работ, з’яўляліся археалагічныя разведкі, якія праводзіліся з мэтай пошуку новых помнікаў археалогіі. Упершыню, сябрамі Студэнцкай навукова-даследчай археалагічнай лабараторыі быў адкрыты помнік з фіксацыяй знаходак пры дапамозе GNNS прыёмніка. Такая методыка дазволіла адразу вылучыць асноўную частку стаянкі і яе перыферыю.

Акрамя гэтага, у межах археолага-этнаграфічнай практыкі адбылося знаёмства з Ваўкавыскім раённым дома рамёстваў, размешчаным у г.п. Рось. Студэнты пад кіраўніцтвам доктара гістарычных навук, прафесара, прафесара кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін Піваварчыка С. А. азнаёміліся са структурай арганізацыі, паўдзельнічалі ў майстар-класах па лепцы з гліны, вырабу бутаньерак і г.д.

 
 
 
 

Вход на сайт