Творчая праца с патэнцыйнымі абітурыентамі
22 мая адбылася экскурсійная вандроўка для старшакласнікаў школ-пераможцаў традыцыйнай гарадской краязнаўчай гульні “Мой Гродна”, арганізаваная кафедрай турызму і культурнай спадчыны і Гродзенскім абласным цэнтрам турызму і краязнаўства пры фінансавай падтрымцы прафакама студэнтаў ГрДУ імя Янкі Купалы.
Вучні гімназій 1, 4, 10 і сярэдняй школы № 38 г. Гродна разам з кіраўнікамі-настаўнікамі пазнаёміліся з багаццем Гудзевіцкага дзяржаўнага гісторыка-краязнаўчага музея, наведалі бацькаўшчыну заснавальніка беларускага мовазнаўства акадэміка Я.Ф. Карскага і знакамітай гродзенскай падпольшчыцы Вольгі Соламавай – вёску Лаша. Самыя розныя бакі нацыянальнай гісторыі і культуры, якія акумуляваны ва ўнікальных музейных артыфактах ў Гудзевічах, магіла заснавальніка музея А.М. Белакоза, абярэг П.Ф. Міклашэвіча, будынак былой Лашанскай школы, упрыгожаны трымя памятнымі дошкамі Я.Ф. Карскаму, В. Соламавай і генералу М.Ф. Грыгаровічу, месца пахавання сваякоў акадэміка Карскага на лашанскіх могілках, помнік В. Солмавай, вялізны будынак былой індурскай сінагогі, вясеннія краявіды Гродзенскага і Мастоўскага раёнаў – усё гэта тая не кідкая, але надзвычай істотная прыгажосць нашай краіны, да якой дакрануліся вучні-пераможцы і іх настаўнікі.
Працягам такога знаёмства можа стаць для іх вучоба ў сцянах нашага факультэта.