Краязнаўчая канферэнцыя “Купалаўская вышыня” прайшла ў Купалаўскім універсітэте
26 красавіка ў сценах Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы пад эгідай Гродзенскага абласнога цэнтра турызму і краязнаўства адбылася 2-я адкрытая абласная навуковая краязнаўчая канферэнцыя вучняў “КУПАЛАЎСКАЯ ВЫШЫНЯ”.
Калі весці адлік ад канферэнцый гэтай канцэпцыі, то сённяшні форум краязнаўчых ведаў юных даследчыкаў быў дванаццатым. У 2013 г. гэтую, цяпер ужо, сапраўды, традыцыю пачала першая канферэнцыя “Край Гарадзенскі”. І вось ужо другі год запар гэтую справу працягвае канферэнцыя ў сценах ГрДУ імя Я. Купалы.
Сёння на фінальны этап канферэнцыі было прапанавана з усіх 17 раёнаў вобласці і г. Гродна 477 навуковых работ па васемнаццаці накірунках краязнаўства. Аспекты ваеннага, музычнага, лінгвістычнага, грамадска-палітычнага, мастацкага, біялагічнага, геаграфічнага, генеалагічнага, канфесійнага, шматэтнічнага, дэмаграфічнага і эканамічнага краязнаўства знайшлі свае адлюстраванне на старонках вучнёўскіх работ. Падкрэслім, што велізарная частка працы ў гэтых работах – гэта праца настаўнікаў-науковых кіраўнікоў. І за гэта ўсім настаўнікам асобная ўдзячнасць.
З усіх прапанаваных работ рэцэнзенты выбралі работы, аўтарамі якіх быў 341 вучань. Менавіта гэтая колькасць старшакласнікаў – ад 8 да 11 класа – сабралася ў аўдыторыях ГрДУ імя Янкі Купалы, Гродзенскага абластнога метадычнага цэнтру народнай творчасці (філіяла кафедры турызму і культурнай спадчыны) і Гродзенскага абласнога цэнтра турызму і краязнаўства (трывалага партнёра факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму ва ўсіх творчых справах), каб узняцца на “Купалаўскую вышыню”. Пасля ўрачыстага адкрыцця словамі начальніка Навукова-даследчай часткі ГрДУ імя Янкі Купалы А.А. Глазева, удзельнікі канферэнцыі пазнаёміліся з краязнаўчым вопытам, слынага гродзенскага біёлага і географа, стваральніка краязнаўчай тэлеперадачы “У аб’ектыве натураліста”, настаўніка гродзенскай гімназіі № 1 імя акадэміка Я.Ф. Карскага В.С. Гуменага.
А далей пачалася работа 27 секцый. Журы секцый узначалівалі выкладчыкі ўніверсітэта і настаўнікі горада і раёнаў. Сярод іх традыцыйна − цэлая кагорта вядомых краязнаўцаў вобласці: Р.Л. Калеснік, Ф.С. Войшніс, Н.Ф. Някрэвіч, В.С. Гуменны, Д.У. Люцік, Г.П. Ракуць, С.В. Занеўскі, А.В. Ваўчок, Д.М. Райко, Т.А. Еўдакімава, І.М. Сільвановіч.
У выніку атрымалася сапраўднае свята краязнаўчых ведаў. Дыпломы асобнага дызайну розных ступеняў атрымалі усе ўдзельнікі і на секцыях адбылася сапраўдная навуковая гутарка з удзелам членаў журы, вучняў і іх навуковых кіраўнікоў. А за сценамі аўдыторый – што заўжды важна для кожнай канферэнцыі − была магчымасць для усіх удзельнікаў для камунікацыі, абмену думкамі, ідэямі і проста магчымасці новага знаёмства.
Такая колькасць маладых людзей ў сценах нашых факультэтаў – гэта выключны выпадак профарыетацыі, якую мелі магчымасць ажыцяўляць падчас работы канферэнцыі выкладчыкі розных факультэтаў, якія і забяспечвалі кадравы склад журы − гісторыі, камунікацыі і турызму, філалагічны факультэт, біялогіі і экалогіі і мастацтваў і дызайну. Спадзяемся, што працяг гэтай справы будзе і ў наступным годзе.