Навуковая гутарка пра наш горад, прыроду і гродзенцаў розных часоў

21 красавіка намаганнямі дзвух факультэтаў – гісторыі, камунікацыі і турызму і біялогіі і экалогіі – адбылася міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Горад, прырода, людзі ў гісторыі і сучаснасці (да 250-годдзя стварэння ў Гродне першага батанічнага саду)».

На канферэнцыя даслалі заяўкі даследчыкі з Гродна, Мінска, Гомеля, Брэста і Санкт-Пецярбурга. Пасля ўрачыстага адкрыцця канферэнцыі словамі прарэктара па навуковай рабоце Н.З. Башун, дэканаў В.А. Белазаровіча і В.В. Янчурэвіч, атрымалая змястоўная, цікавая гутарка, тэмамі якой сталі розныя аспекты мінулага і сучаснасці парка імя Ж.Э. Жылібера, іншых частак Гродна, а таксама ўсёй краіны.

Мадэратары канферэнцыі С.У. Амелька і С.У. Данскіх ўдала дырыжыравалі дыскусіяй, якая закранала гісторыю жыцця і дзейнасці самога Ж-Э. Жылібера, спецыфіку ландшафтнага дызайну горада,  асаблівасці глебы самага старога беларускага батанічнага саду, супярэчлівасць вяровачных атракцыёнаў, стан грунтовых вод Гродна, праблему даціроўкі стварэння гродзенскага заапарку, экалагічны стан  зялёных зон Гродна і шэраг іншых. Што важна, і для гэтага мэтанакіравана навуковая дыскусія аб’яднала за адным круглым сталом усіх удзельнікаў канферэнцыі – узнятыя выступоўцамі тэмы было важна пачуць ўсім прысутным, бо яны дэманстравалі неабходную ўключанасць у вырашэнне тых або іншых гарадскіх праблем, адначасова, розных спецыялістаў, узброеных гістарычнымі, біялагічнымі, геаграфічнымі альбо эстэтычнымі ведамі і навыкамі. Бо практычна кожная тэма вызначалася адным паняццем: краязнаўства Гродна. Вельмі добра, што на такой гутарцы прысутнічалі студэнты розных спецыяльнасцяў – гісторыкі, біялогі і “турысты”.

Па выніках канферэнцыі запланавана навуковае выданне матэрыялаў яе удзельнікаў.

Канферэнцыя не адбылася бы так зладжана без абавязковага “тылу”: бляскучай арганізацыі, якую забяспечылі выкладчыкі Ю.У. Кейко і І.Ф. Скварнюк, і, пад іх кіраўніцтвам ‒ валацёры-студэнты.

Дарэчы, усе аспекты арганізацыі канферэнцыі – гэта яшчэ адзін важны бок адукацыйнага працэсу для студэнтаў турыстычнай спецыяльнасці, якія на ўласныя вочы бачылі арганізацыю івэнту (важнага элементу, з якіх можа складацца  турпрадукт), і самі ў такой арганізацыі ўдзельнічалі.

Вход на сайт