Чарговы крок падрыхтоўкі да перамогі
20 сакавіка закончылася арганізаваная кафедрай турызму і культурнай спадчыны падрыхтоўка вучнёўскіх каманд да штогадовай гарадской краязнаўчай гульні “Мой Гродна” (Я этим городом храним…), якая запланавана на 24 красавіка.
Апошнім крокам падрыхтоўкі стаў занятак з вядомым гродзенскім краязнаўцам, стваральнікам музея “Гродна-міні”, лаўрэятам ганаровага звання “Чалавек года” у 2020 г. І.Р. Лапехай. Тэма занятку − “Гарадніца і Кунштадт”. Тэма была выбрана невыпадкова. У бягучым годзе спаўняецца 250 год стварэння гэтага гістарычнага квартала Гродна. Сустрэча сабрала поўную залю вучняў і настаўнікаў з больш чым двух дзесяткаў школ Гродна. Фундаментальныя веды і шырокая эрудыцыя І.Р. Лапехі знайшла жывы водгук у ўдзельнікаў сустрэчы.
Нагадаем, што на працягу пяці месяцаў навучальнага года ў сцянах нашага факультэта вучні атрымалі магчымасць пазнаёміцца з вынікамі навуковых даследаванняў Ю.У. Кейко (Марыінская гімназія), А.Д. Гаршкова (археалогія горада), В.С. Гуменнага (Гродзенскі заапарк і батанічны сад), А.А. Перагудава (Вялікая харальная сінанога) і сёння − І.Р. Лапехі.
Цяпер − справа за камандамі школ, гімназій і ліцэя горада. Гульня рыхтуецца пад эгідаю Гродзенскага абластнога цэнтра турызму і краязнаўства, арганізацыйнымі намаганнямі кафедры турызму і культурнай спадчыны і прафкамам студэнтаў ГрДУ імя Янкі Купалы.
Пажадаем перамогі наймацнейшым і будзем рады бачыць юных знаўцаў гродзенскай гісторыі студэнтамі нашага факультэта.