Студэнты-гісторыкі наведалі выставу “Гродна на старых картах і планах”
У рамках работы філіяла кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін і вучэбнага працэсу па курсу “Асновы кансервацыі і рэстаўрацыі археалагічных матэрыялаў” студэнты 2-3-га курсаў наведалі выставу “Гродна на старых картах і планах”, якая дзейнічае ў Гродзенскім дзяржаўным гісторыка-археалагічным музеі.
Куратар выставы – загадчык аддзела навейшай гісторыі Андрэй Фрыдрыхавіч Вашкевіч ‒ правёў для студэнтаў змястоўную экскурсію, падчас якой распавёў навучэнцам пра прадстаўленыя на выставе карты і планы горада Гродна, якія ахопліваюць часавы перыяд з пачатку XVIII да сярэдзіны ХХ ст. Самы стары план, так званы “Стакгольмскі план” 1706 г., створаны шведскімі ваеннымі картографамі, уяўляе сабой выяву расійскіх ваенных умацаванняў Гродна часоў Паўночнай вайны. Найбольш позні з прадстаўленых на выставе – нямецкі план Гродна 1940 г., на які савецкія падпольшчыкі нанеслі месца размяшчэння воінскіх часцей фашысцкіх акупантаў.