Удзел у гарадской канферэнцыі “Нёманскія вытокі”
22 студзеня ў сцянах гродзенскай гімназіі № 1 імя акадэміка Я.Ф. Карскага адбылася чарговая вучнёўская адкрытая гарадская канферэнцыя-конкурс “Нёманскія вытокі”.
Гэтая канферэнцыя − найстарэйшая вучнёўская канферэнцыя ў Гродна. Пад рознымі назвамі яна праводзіцца ў гімназіі з другой паловы 90-х гг. ХХ ст.
Сёння канферэнцыя сабрала больш сотні ўдзельнікаў з Гродна, з розных раёнаў краіны і замежжа. Сярод тэматычных напрамкаў канферэнцыі чатыры секцыі аб’ядналі юных даследчыкаў па гісторыі, краязнаўству і грамадазнаўству. У якасці старшыняў гэтых секцый былі гісторыкі ГрДУ імя Янкі Купалы – А. С. Горны, К. Дз. Ананька, У.Я. Лявшук, В. Р. Карнялюк.
А.С. Горны, як кіраўнік маладых даследчыкаў універсітэта, на пленарным пасяджэнні звярнуўся да вялікай грамады вучняў і іх настаўнікаў, са словамі пра разнастайныя магчымасці і перспектывы навуковага шляху. Адначасова, Аляксандр Сяргеявіч заклікаў ўдзельнікаў канферэнцыі стаць студэнтамі нашага ўніверсітэта, акцэнтуючы ўвагу на магчымасці плённай даследчай дзейнасці як падчас студэнцкага жыцця, так і пасля атрымання дыплома аб вышэйшай адукацыі.
А работа на секцыях, як і кожны раз на такіх навукова-педагагічных форумах, дала ўсім шчаслівую магчымасць пазнаёміцца з цудоўнымі, кемлівымі і апантанымі даследчым пошукам хлопцамі і дзяўчатамі нашай краіны.