Круглы стол “Археалогія і гісторыя старажытнага Гродна (да 120-годдзя з дня нараджэння М. М. Вароніна)”
13 снежня 2024 г. кафедрай гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін на базе факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы разам Гродзенскім дзяржаўным гісторыка-археалагічным музеем быў праведзены круглы стол “Археалогія і гісторыя старажытнага Гродна (да 120-годдзя з дня нараджэння М. М. Вароніна)”.
З прывітальным словам выступіў намеснік дэкана па вучэбнай рабоце, кандыдат гістарычных навук, дацэнт Гецэвіч Андрэй Казіміравіч. Мадэратарамі сустрэчы выступілі загадчык кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін, кандыдат гістарычных навук Амелька Сяргей Уладзіміравіч і старшы выкладчык узгаданай кафедры, кандыдат гістарычных навук Гаршкоў Аляксандр Дзмітрыевіч.
Даклады, якія прагучалі на круглым стале, як зразумела з назвы, былі прысвечаны старажытнай гісторыі і археалогіі Гродна, а таксама выбітнаму савецкаму археолагу, доктару гістарычных навук, прафесару Вароніну Мікалаю Мікалаевічу. Аднак, гэтая акалічнасць была звязана не толькі з яго юбілеем, але і з тым, што менавіта сёлета спаўняецца 75 гадоў з моманту правядзення буйных археалагічных раскопак на Старым Замку ў пасляваенны перыяд.
Першы даклад, прадстаўлены загадчыкам аддзела археалогіі Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея, кандыдатам гістарычных навук Касюк Аленай Фёдараўнай, быў прысвечаны ранняй гісторыі Гродна па матэрыялах археалагічных даследаванняў М. М. Вароніна. Гродзенскі эпізод з жыцця таксама выбітнага археолага, доктара гістарычных навук Л. В. Аляксеева прадставіў загадчык аддзела навейшай гісторыі Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея Вашкевіч Андрэй Фрыдрыхавіч. Галоўны захавальнік фондаў Навагрудскага гісторыка-краязнаўчага музея і магістрант завочнай формы навучання спецыяльнасці “Гісторыя” Каспер Мікіта Сяргеевіч распавёў пра антрапалагічныя матэрыялы з тэрыторыі Старога замка, атрыманыя пад час археалагічных раскопак 1949 года.
Выкарыстанне міждысцыплінарнага падыхода пад час археалагічных даследаванняў Старога Замка на прыкладзе раскопак М. М. Вароніна ў 1949 г. прадставіў студэнт 3-га курса спецыяльнасці “Гісторыя (археалогія)”, старшыня Студэнцкай навукова-даследчай археалагічнай лабараторыі Чубараў Мацвей Уладзіміравіч. Студэнт 2-га курса спецыяльнасці “Гісторыя” Пшанічны Мікіта Васільевіч распавёў пра жыццё і ўнёсак М. М. Вароніна ў гістарычную і археалагічную навуку. Апошні даклад быў прысвечаны папярэднім вынікам бурэння даліны р. Гараднічанка, які быў прастаўлены старшым выкладчыкам кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін, кандыдатам гістарычных навук Гаршковым Аляксандрам Дзмітрыевічам.
Трэба адзначыць, што традыцыя правядзення падобных круглых сталоў, прысвечаных археалогіі і старажытнай гісторыі Беларускага Панямоння і ўвогуле – Беларусі, існуе ўжо не першы год. Але дадзенае мерапрыемства першае, якое праведзена ў рамках работы перафарматаванага філіяла кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін на базе Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея.