Студэнцкая навукова-даследчая археалагічная лабараторыя прыняла ўдзел у археалагічных даследаваннях у г. Гродна

7 лістапада 2024 г. сябры Студэнцкай навукова-даследчай археалагічнай лабараторыі – студэнты 1-4 курсаў спецыяльнасцей Гісторыя (археалогія) і Гісторыя (айчынная і ўсеагульная), а таксама магістранты завочнай формы навучання прынялі ўдзел у археалагічных даследаваннях на тэрыторыі г. Гродна.

 

Работы былі праведзены пад кіраўніцтвам старшага выкладчыка кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін, кандыдата гістарычных навук Гаршкова А. Д., пры ўдзеле загадчыка аддзела археалогіі Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея, кандыдата гістарычных навук Касюк А. Ф.

 

Работы праводзіліся ў паўночна-заходняй ускраіне горада, на ворыўным полі, каля палеаяра, дзе ў 2021 г. Гаршковым А. Д. быў адкрыты помнік Гродна 15. Сабраныя на дадзенай тэрыторыі матэрыялы дазволілі яго звязваць з перыядам каменнага-бронзавага вякоў і Новым часам. Сёлета работы былі накіраваны на аналіз стратыграфіі помніка. Для гэтага быў закладзены невялікі шурф, які дазволіў рэканструяваць гістарычныя і прыродныя працэсы ў межах археалагічнага аб’екта. Атрыманыя пад час шурфоўкі матэрыялы дазваляюць выдзеліць, акрамя вышэйназваных перыядаў, пласты фінальнага палеаліту і магчыма, больш старажытныя артэфакты.

Вход на сайт