Круглы стол “НОВЫЯ ДАСЛЕДАВАННІ ПОМНІКАЎ АРХЕАЛОГІІ ЛЯСНОЙ ЗОНЫ УСХОДНЯЙ ЕЎРОПЫ (ДА 100-ГОДДЗЯ З ДНЯ НАРАДЖЭННЯ Л. Д. ПОБАЛЯ)”

1 лістапада 2024 г. на факультэце гісторыі, камунікацыі і турызму адбыўся круглы стол “НОВЫЯ ДАСЛЕДАВАННІ ПОМНІКАЎ АРХЕАЛОГІІ ЛЯСНОЙ ЗОНЫ УСХОДНЯЙ ЕЎРОПЫ”, які быў прысвечаны стагоддзю з дня нараджэння выбітнага беларускага археолага, доктара гістарычных навук Леаніда Давыдавіча Побаля.

 

Навуковае мерапрыемства пачалося з адкрыцця фотапраекта і часовай экспазіцыі кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін і Студэнцкай навукова-даследчай археалагічнай лабараторыі “Захаваная спадчына”, на якой прадстаўлены археалагічныя артэфакты, якія былі атрыманы пад час палявых даследаванняў навукоўцамі ГрДУ імя Янкі Купалы. Размешчаныя на фотаздымках і ў вітрынах прадметы адлюстроўваюць усю гісторыю Беларускага Панямоння ад першабытнасці да Вялікай айчыннай вайны.

 

Работа круглага стала пачалася з прывітальнага слова доктара гістарычных навук, дацэнта, дэкана факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Белазаровіча В. А. Мадэратарам мерапрыемства выступіў доктар гістарычных навук, прафесар, прафесар кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін Піваварчык С. А., які акрамя гэтага падзяліўся сваімі ўспамінамі пра Л. Д. Побаля.

Даклады, прадстаўленыя на круглым стале, пераважна былі прысвечаны навуковым цікавасцям Л. Д. Побаля – перыяду ранняга жалезнага веку, эпохі рымскіх уплываў і Вялікага перасялення народаў.

Старшы выкладчык кафедры археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Сахончык А. Д. распавёў пра рэцэнзію польскага даследчыка К. Гадлоўскага на працу Л. Д. Побаля «Славянские древности». Магістрант Універсітэта НАН Беларусі Сокур С. А. прысвяціў даклад вынікам археалагічных даследаванняў Л. Д. Побаля на тэрыторыі Аршанскага раёна. Аналіз помнікаў з матэрыяламі рымскага перыяду і эпохі Вялікага перасялення народаў у міжрэччы Лебяды і Тур’і прадставіла нам загадчык аддзела археалогіі Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея, кандыдат гістарычных навук Касюк А. Ф. Студэнты Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Чубараў М. У. і Радзікевіч А. А. распавялі пра ляпную кераміку жалезнага века з археалагічнага комплекса Дрысвяты і карту помнікаў жалезнага веку тэрыторыі Гродзенскага ўзвышша. Старшы выкладчык кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін, кандыдат гістарычных навук Гаршкоў А. Д. прадставіў даклад, прысвечаны выкарыстанню крэменю ў жалезным веку.

Слухачамі круглага стала сталі студэнты 1-4 курсаў і магістранты спецыяльнасці “Гісторыя”, якія актыўна прынялі ўдзел у рабоце мерапрыемства.

Вход на сайт