Першае паседжанне Студэнцкай навукова-даследчай археалагічнай лабараторыі ў 2024/2025 навучальным годзе

19 верасня 2024 г. адбылося першае паседжанне Студэнцкай навукова-даследчай археалагічнай лабараторыі (далей СНДАЛ) у навучальным годзе 2024/2025. Традыцыйна яно было прысвечана вынікам удзелу сябраў лабараторыі і студэнтаў нашага факультэта ў археалагічных экспедыцыях летам 2024 г.

 

Распачаў паседжанне СНДАЛ студэнт 2 курса спецыяльнасці “Гісторыя” Мікіта Пшанічны, які распавёў пра даследаванні стаянкі Старая Руда 2 (Гродзенскі раён), пад кіраўніцтвам старшага выкладчыка кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін Гаршкова А. Д. Студэнт 2 курса спецыяльнасці “Гісторыя” Артур Кірылюк зрабіў даклад аб удзеле ў даследаваннях комплекса археалагічных аб’ектаў на рацэ Менка, які атаясамляецца са старажытным Менскам. Кіраваў даследаваннямі загадчык аддзела археалогіі сярэднявечча і Новага часу, кандыдат гістарычных навук Вайцяховіч А. В. Удзел студэнтаў у вышэйназваных даследаваннях адбыўся ў межах археолага-этнаграфічнай практыкі, прадугледжанай вучэбным планам.

Старшыня СНДАЛ студэнт 3 курса спецыяльнасці “Гісторыя (археалогія)” Мацвей Чубараў зрабіў даклад аб удзеле адразу ў дзвюх экспедыцыях: раскопках селішча Загорцы-Сцяпанавічы ў Гарадоцкім раёне Віцебскай вобласці пад кіраўніцтвам вядучага навуковага супрацоўніка навукова-даследчага сектара Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава, кандыдата гістарычных навук, дацэнта Т. С. Бубенькі і стаянкі Асавец 2 у Бешанковіцкім раёне Віцебскай вобласці пад кіраўніцтвам загадчыка аддзела археалогіі першабытнага грамадства Інстытута гісторыі НАН Беларусі М. М. Чарняўскага.

Студэнтка 3 курса спецыяльнасці “Гісторыя (археалогія)” Анастасія Чарняўская распавяла на паседжанні пра свой удзел у даследаваннях стаянкі Кавальцы 1 Гродзенскага раёна, якія праводзіліся старшым выкладчыкам кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін Гаршковым А. Д.

Нягледзячы на грунтоўныя і цікавыя выступы, гэта былі не ўсе археалагічныя экспедыцыі, дзе прымалі ўдзел студэнты-гісторыкі ўвесну-лета 2024 г. За гэты перыяд, сябры-СНДАЛ акрамя вышэйназваных экспедыцый, прынялі ўдзел у даследаваннях ва ўсіх абласцях нашай краіны пад кіраўніцтвам супрацоўнікаў Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея (кандыдата гістарычных навук А. Ф. Касюк), Інстытута гісторыі НАН Беларусі (кандыдата гістарычных навук М. М. Крывальцэвіча; А. М. Вашанава).

 


 

 
 
 
 

Вход на сайт