Археалагічная экспедыцыя «Парэчча-2024»
З 24 чэрвеня студэнты спецыяльнасці “Гісторыя” праходзяць археолага-этнаграфічную практыку на беразе возера Малочнае побач з аг. Парэчча Гродзенскага раёна. У мэтах атрымання неабходных навуковых вынікаў і забяспячэння бяспечных умоў працы і побыту сфарміравана археалагічная экспедыцыя «Парэчча-2024».
У экспедыцыі акрамя студэнтаў першага курса і выкладчыкаў кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін прымаюць удзел археолаг Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея, а таксама эколаг-глебазнаўца. Разам са студэнтамі у археалагічных даследаваннях прынялі ўдзел дзевяць вучняў сярэдняй школы № 39 г. Гродна, для якіх была арганізавана “Летняя школа археолагаў”. Для сяброў студэнцкай навуковай археалагічнай лабараторыі ўдзел у экспедыцыі - выдатная магчымасць набыць і пашырыць прафесіянальныя кампетэнцыя ў палявых археалагічных даследаваннях. Дзейнасць экспедыцыі выклікала цікавасць і ўвагу ўдзельнікаў абласного летніка для вучняў-алімпіяднікаў “Навука”. Для іх была арганізавана экскурсія на базу экспедыцыі і археалагічны раскоп, дзе яны змаглі азнаёміцца са спецыфікай працы археолага.
Археалагічны помнік Старая Руда вядомы яшчэ з 70-х гг. ХХ ст., але раскопкі на ім адбываюцца ўпершыню, што надае асобую значнасць дзейнасці экспедыцыі. Па меркаванню навуковага кіраўніка экспедыцыі А.Д. Гаршкова, помнік з’яўляецца шматслойным і ўтрымлівае матэрыялы ад фінальнага палеаліту да сярэднявечча, што дае магчымасць прасачыць асаблівасці развіцця археалагічных культур гэтага ўнікальнага мікрарэгіёна беларуска-літоўскага памежжа. Вынікі даследаванняў будуць апрацаваны ўдзельнікамі студэнцкай навуковай археалагічнай лабараторыі і выкарыстаны пры падрыхтоўцы артыкулаў, курсавых і дыпломных работ, у прафарыентацыйнай рабоце з вучнямі, а таксама пры выкананні гаспадарчых дамоў на работы па ахове гісторыка-культурных каштоўнасцей.
Журналісты рэгіянальнага выдання “Перспектыва” падрыхтавалі матэрыял аб экспедыцыі ў СМІ.