Да новых прафесійных вяршыняў!

Гродна быў і застаецца адным з самых папулярных турыстычных гарадоў Беларусі. Не толькі палацы, цэрквы і касцёлы цікавяць гасцей з розных краін свету. Імёны вядомых пісьменнікаў, вучоных, музыкантаў прывабліваюць у горад над Нёманам.

З Гродна цесна звязана імя Васіля Быкава, беларускага празаіка, публіцыста. Амаль 30 год жыцця і творчасці народнага пісьменніка Беларусі былі звязаны з Гродна. З гэтай нагоды быў арганізаваны і праведзены ў пятніцу, 24 мая 2024 года інтэграваныя міждысцыплінарныя заняткі для студэнтаў 3 курса спецыяльнасці "Беларуская філалогія" філалагічнага факультэта і студэнтаў 2 курса спецыяльнасці "Турызм і гасціннасць" факультэта гісторыі, камунікацыі і турызма. Каб глыбей адчуць горад В. Быкава, была праведзена аўтарская тэматычная экскурсія, распрацаваная студэнткай 2 курса Ксеніяй Анісенка па мясцінах, звязаных з жыццём і творчасцю пісьменніка. Працягам сустрэчы стаў фільм "Альпійская балада", які студэнты паглядзелі ў кінатэатры Моладзевага цэнтра. Цікава, што і аповесць, і сцэнарый да фільма належаць пяру Васіля Быкава. Таму надзвычай важна было параўнаць розныя творы мастацтва, такія яркія і неардынарныя па сваім змесце. Разабрацца з гісторыяй стварэння аповесці, перыпетыямі экранізацыі дапамаглі студэнтка 3 курса філалагічнага факультэта Ангеліна Янкелайць і Святлана Мікалаеўна Тарасава, старшы выкладчык кафедры беларускай філалогіі.
Заняткі аказаліся напоўнены складанымі і супярэчлівымі пачуццямі, уражаннямі, якія ў выніку дапоўнілі арыгінальны вобраз Гродна Васіля Быкава.
 Студэнты 2 курса спецыяльнасці "Турызм і гасціннасць" Гуманітарнага з вялікай цікавасцю ўспрынялі на міждысцыплінарных занятках новую інфармацыю пра пісьменніка і яго творчасць. Экскурсія, прагляд і абмеркаваннне фільма далі магчымасць крэатыўна, па-новаму, паглядзець не толькі на звыклыя мясціны Гродна, але і пашырыць прафесійныя гарызонты, па-іншаму ацаніць патэнцыял культурна-пазнавальнага турызму г. Гродна.

https://fh.grsu.by/images/stories/news/2024/1315.jpg

https://fh.grsu.by/images/stories/news/2024/1316.jpg

Вход на сайт