Практыка першакурснікаў-"турыстаў" на Аўгустоўскім канале
У межах вучэбнай практыкі “Турысцка-аздараўляльны паход” студэнты першага курса спецыяльнасці “Турызм і гасціннасць” традыцыйна размясціліся ў даліне ракі Асташанкі каля в. Нямнова.
Зместам гэтай практыкі пад кіраўніцтва Грыгарчука Р.С. і Карнелюка В.Р. сталі дапамога ў арганізацыі турысцкага злёту-квэсту, прысвечанаму 200-годдзю Аўгустоўскага канала, начное арыентаванне, экскурсія ў ваколіцах шлюза “Нямнова”, наведванне 2-га фарта Гродзенскай крэпасці, адпрацоўка базавых навыкаў паходнай дзейнасці (палаткі, вогнішча, гатаванне ежы, утылізацыя смецця і г.д.) а таксама шмат ўражанняў ад наваколля Аўгустоўскага канала. Рознатраў’е, туман над Асташанкай на досвідку, зоркавае неба з сузор’ем Вялікай Мядзведзіцы, павуцінне на кустоўі - гэта тое багацце, якое таксама варта мець на ўвазе прафесійнаму тураператару, каб прывабліваць турыстаў у нашу краіну. І з гэтых назіранняў таксама складалася вучэбная практыка будучых спецыялістаў турыстычнай індустрыі.