Прэзентацыя тэматычнага нумару Беларускага гістарычнага часопіса
13 снежня ў памяшканні Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа ў Мінску адбылася прэзентацыя тэматычнага выпуска Беларускага гістарычнага часопіса, прысвечанага 100-годдзю Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі.
У мерапрыемстве прыняў удзел ініцыятар выдання гэтага нумара - дацэнт кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін ГрДУ імя Янкі Купалы, кандыдат гістарычных навук А.С.Горны, які падкрэсліў важнасць распрацоўкі сучаснага навуковага погляда на гісторыю Заходняй Беларусі ў міжваенны перыяд з улікам новых тэарэтычных напрацовак. Таксама ў прэзентацыі прынялі удзел супрацоўнікі рэдакцыі Беларускага гістарычнага часопіса, прадстаўнікі Інстытута гісторыі НАН Беларусі, Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа, студэнты і аспіранты Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка.
Тэматычны нумар Беларускага гістарычнага часопіса, прысвечаны 100-годдзю Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі, з'яўляецца плёнам працы прадстаўнікоў гістарычных школ ГрДУ імя Янкі Купалы, БрДУ імя А.С. Пушкіна і НАН Беларусі. Купалаўскі ўніверсітэт у нумары прадставілі такія даследчыкі, як А.М. Загідулін, А.С. Горны, аспіранты В. С. Ананька, К.Д. Ананька. З прывітальным словам да чытачоў тэматычнага нумару ад імя Купалаўскага ўніверсітэту звярнулася рэктар І.Ф, Кітурка.