Археалагічны гурток правёў круглы стол аб актуальных праблемах каменнага веку Беларусі
11 кастрычніка 2023 г. кафедра гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін у межах работы СНК “Археалагічны гурток” правяла круглы стол, прысвечаны 50-ці годдзю беларускага археолага В. С. Абухоўскага “Фінальны палеаліт і мезаліт у міжрэччы Заходняга Буга, Прыпяці і Нёмана”.
Пачалося мерапрыемства з прывітальнага слова старшага выкладчыка кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін, магістра гістарычных навук, навуковага кіраўніка СНК “Археалагічны гурток” Гаршкова Аляксандра Дзмітрыевіча.
Выступленні на круглым стале былі прысвечаны ўспамінам аб В. С. Абухоўскім як калезе, пра што распавяла загадчык аддзела археалогіі Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея Кізюкевіч Наталля Аляксандраўна. Кандыдат гістарычных навук, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела археалогіі Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея Касюк Алена Фёдараўна выступіла з дакладам, які адлюстроўваў дзейнасць В. С. Абухоўскага як настаўніка.
Старшы выкладчык кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін Гаршкоў А. Д. распавёў пра ўнёсак В. С. Абухоўскага ў даследаванне культуры броме ў міжрэччы Заходняга Буга, Прыпяці і Нёмана. Студэнты 3-га і 4-га курсаў Жабінская Святлана Сяргееўна і Жабінскі Павел Валер’евіч, сябры СНК “Археалагічны курток”, выступілі з дакладамі, прысвечанымі мезалітычным матэрыялам, знойдзеным пад час работ на Гродзенскай ГЭС і крамянёвым артэфактам, атрыманым у выніку раскопак на помніку Пагараны 1.
Напрыканцы мерапрыемства з заключным словам выступіў доктар гістарычных навук, прафесар кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін, дацэнт Піваварчык Сяргей Аркадзьевіч, які распавёў пра асабістае знаёмства з В. С. Абухоўскім і значнасць правядзення круглых сталоў падобнага плану.