Археалагічныя даследаванні ў лесапарку "Пышкі"
16-17 верасня 2023 г. сябры СНК “Археалагічны гурток” разам са студэнтамі першага курса спецыяльнасці “Гісторыя” пад кіраўніцтвам старшага выкладчыка кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін Гаршкова Аляксандра Дзмітрыевіча, правялі археалагічныя даследаванні на помніку Гродна 37, які размяшчаецца на тэрыторыі лесапарка “Пышкі”.
Дадзены археалагічны аб’ект быў адкрыты ў 2021 г., на яго тэрыторыі пад час паверхневых збораў была атрымана калекцыя крамянёвых матэрыялаў. Сёлета працы былі накіраваны на шурфоўку мясцовасці з мэтай прасачыць наяўнасць рэшткаў культурнага пласта на ворыўным полі. У выніку праведзеных даследаванняў былі атрыманы даныя, якія дазваляюць вылучыць некалькі этапаў засялення гэтай мясцовасці і вызначыць ступень перспектыўнасці правядзення далейшых прац на помніку Гродна 37.