Першае пасяджэнне Археалагічнага гуртка ў навучальным годзе 2023/2024
7 верасня 2023 г. адбылося першае пасяджэнне СНК “Археалагічны гурток” у новым навучальным годзе. Традыцыйна яно было прысвечана расповядам аб удзеле сяброў гуртка ў летніх археалагічных экспедыцыях. Спецыяльна на пасяджэнне былі запрошаны студэнты-гісторыкі першага курса, якія маглі азнаёміцца з навучальным працэсам ва ўніверсітэце і ступені развіцця навуковай дзейнасці.
Студэнты другога курса Чубараў Матвей і Русецкі Іван распавялі пра экспедыцыю ў г. Масты (Гродзенская вобласць) на помніку Зальвяны 2, у межах якой праводзілася археолага-этнаграфічная практыка пад кіраўніцтвам старшага выкладчыка кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін Гаршкова Аляксандра Дзмітрыевіча, які з’яўляўся непасрэдна кіраўніком раскопак. Дадаткова Чубараў Матвей падрыхтаваў даклад аб удзеле ў даследаваннях помніка Асавец 2 (Бешанковіцкі раён, Віцебская вобласць), якія праводзіліся Інстытутам гісторыі НАН Беларусі пад кіраўніцтвам кандыдата гістарычных навук Чарняўскага Максіма Міхайлавіча. Русецкі Іван распавёў яшчэ пра адну акадэмічную экспедыцыю пад кіраўніцтвам Вашанава Аляксандра Мікалаевіча на помніку Клішына 3 (Крупскі раён, Мінская вобласць).
Студэнт 4 курса Жабінскі Павел падсумаваў свой удзел яшчэ ў адной экспедыцыі нашага ўніверсітэта пад кіраўніцтвам Гаршкова А. Д., пад час якой даследаваліся помнікі Кавальцы 1 і Кавальцы 2, размешчаныя на тэрыторыі Гродзенскага раёна.
Студэнты 3 курса Якшын Мікіта і Якшына Юля распавялі пра ўдзел у экспедыцыі ў г. Масты і арганізацыі пасвячэння студэнтаў-першакурснікаў у археолагі.