Паход-адкрыццё
З 12 па 17 чэрвеня пад кіраўніцтвам Грыгарчука Р.С., Ярмусіка Э.С. і Карнелюка В.Р. адбылася чарговая вучэбная практыка для студэнтаў-першакурснікаў скарочанай дыстанцыйнай формы навучання спецыяльнасці "Турызм і гасціннасць" – "Турысцка-аздараўляльны паход".
Традыцыйна месцам лакацыі стала ўзбярэжжа р. Асташанкі ў раёне Аўгустоўскага канала. Паход стаў пэўным адкрыццём, як для студэнтаў, так і для выкладчыкаў. Студэнты, напраўду, мала ведаюць адзін аднаго з-за формы навучання: паход дазволіў ім пазнаёміцца бліжэй. Адбылося і больш грунтоўнае знаёмства выкладчыкаў са студэнтамі. У пэўнай ступені гэта стала магчымым дзякуючы ініцыятыве Дар’і Кандрацюк, якая арганізавала для ўдзельнікаў пахода імправізаваны трэнінг па аратарскаму мастацтву і прапанавала ўсім удзельнікам прэзентаваць сябе.
З другога боку практыканты пазнаёміліся з адметнымі мясцінамі Гродзеншчыны, якія традыцыйна ўключаюцца ў экскурсійныя туры: фортам №2 Гродзенскай крэпасці, брацкай магілай часоў Першай сусветнай вайны ў раёне в. Рацічы, палацава-паркавым ансамблем Валовічаў “Свяцк”, 4-хкамерным шлюзам “Нямнова” Аўгустоўскага канала, даведаліся больш пра мінуўшчыну сапоцкінскага края Гродзенскага раёна. Ну, і зразумела, атрымалі першасныя навыкі арганізацыі турысцка-аздараўляльнага пахода.