«Гісторыя беларускай дзяржаўнасці праз прызму археалагічных крыніц»
21 чэрвеня 2023 г. у галерыі факультэта гісторыі, камунікацыі і турызма адкрылася фотавыстава «Гісторыя беларускай дзяржаўнасці праз прызму археалагічных крыніц» прысвечаная Дню ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа (22 чэрвеня) і Дню незалежнасці Рэспублікі Беларусь (3 ліпеня).
Ініцыятарам выставы выступіў старшы выкладчык кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін Аляксандр Гаршкоў, прадметы адабраны і апрацаваны студентамі-удзельнікамі СНА “Археалагічны гурток”, мастацкае афармленне зрабіла студэнтка 3 курса спецыяльнасці «Гісторыя (археалогія)» Яна Кіжук.
Гісторыя беларускай дзяржаўнасці налічвае больш за тысячу гадоў. Айчыннымі навукоўцамі сабрана і вывучана вялікая колькасць археалагічных артэфактаў, якія сведчаць аб багатай духоўнай і матэрыяльнай культуры беларускага народа і цярністым шляху яго дзяржаўнасці. На фотавыставе прадстаўлены прадметы, якія захоўваюцца ў археалагічнай экспазіцыі факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Кожны з артэфактаў адлюстроўвае пэўны этап станаўлення беларускай дзяржавы.
Фрагмент арбалетападобнай фібулы звязаны з працэсам Вялікага перасялення народаў, які паспрыяў з’яўленню на беларускіх землях славянскага насельніцтва. Гаршчок быў знойдзены на тэрыторыі Полацкай зямлі – калыскі беларускай дзяржаўнасці. Разам з дырхемамі, яны адлюстроўваюць важнасць шляху з вараг у грэкі. Гэтыя прадметы паказваюць сутнасць першых дзяржаўных утварэнняў.
Сувязь з хрысціянскім светам, як духоўнай асновы дзяржаўнага ладу на беларускіх землях раскрываецца праз плінфу – цэглу візантыйскага тыпу, з якой былі пабудаваны першыя хрысціянскія храмы на беларуских землях.
Фрагмент касцяной дудкі знойдзены пры даследаваннях старажытнага Наваградка – старажытнай сталіцы Вялікага княства Літоўскага, дзе вялікую ролю адыгрывалі продкі сучасных беларусаў. Росквіт дадзенага дзяржаўнага ўтварэння прадстаўлены гаршковай кафляй і рамеснымі прыладамі, якія раскрываюць эканамічны складнік дзяржаўнасці, сацыяльную і прафесійную структуру грамадства на беларускіх землях.
Трагічныя старонкі ў гісторыі Беларусі і беларускай дзяржаўнасці прадстаўлены матэрыяламі, якія атрыманы пад час даследаванняў на месцах крывавых падзей Першай сусветнай і Вялікай Айчыннай вайны.