Пытанні ўзаемаадносін чалавека і жывёльнага свету ў старажытнасці абмеркаваны на круглым стале
На факультэце гісторыі, камунікацыі і турызму адбыўся круглы стол “Чалавек і жывёльны свет: археалагічныя і біялагічныя аспекты развіцця грамадства на тэрыторыі Беларусі”, прысвечаны 100-годдзю са дня нараджэння беларускага палеантолага і археазаолага, кандыдата біялагічных навук, дацэнта Шчагловай Веры Васільеўны.
Даведка: Шчаглова Вера Васільеўна (1922-2011) беларускі палеантолаг і археазаолаг. Кандыдат біялагічных навук, дацэнт. Скончыла Ташкенцкі дзяржаўны ўніверсітэт (1944), аспірантуру Палеанталагічнага інстытута АН ССР (1949). Выкладала ў Ташкенцкім, Казахскім, Беларускім дзяржаўных універсітэтах, працавала навуковым супрацоўнікам у Інстытуце геалагічных навук і Інстытуце гісторыі АН БССР. Арганізавала сістэматычныя археазаалагічныя даследаванні ў Беларусі, вывучала мегафауну палеалітычных паселішчаў Падняпроўя і Падзісення, рэшткі жывёл з раскопак сярэднявечных паселішчаў Беларусі.
У працы круглага стала прынялі навуковыя супрацоўнікі Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея, Інстытута гісторыі НАН Беларусі і выкладчыкі кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.
Тэмы, якія абмярковаўліся пад час працы круглага стала закраналі амаль усе перыяды гісторыі Беларусі: ад першабытнасці да сярэднявечча. Так, старшы выкладчык кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін, магістр гістарычных навук Аляксандр Дзмітрыевіч Гаршкоў распавёў аб новых інтэпрэтацыях узаемадзеяння чалавека і маманта ў палеаліце на тэрыторыі Беларусі. Вядучы навуковы спрацоўнік аддзела археалогіі першабытнага грамадтсва Інстытута гісторыі НАН РБ, кандыдат гістарычных навук Мікалай Мікалаевіч Крывальцэвіч раскрыў месца балотнай чарапахі ў жыццядзейнасці чалавека каменнага-бронзавага вякоў Беларускага Палесся. Вядучны навуковы супрацоўнік аддзела археалогіі Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея, кандыдат гістарычных навук Алена Фёдараўна Касюк паказала, як на аснове археазаалагічнага аналізу можна вызначыць каго гадавалі і на каго палявалі раннія славяне на тэрыторыі Беларусі. Заключным быў даклад загадчыка кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, доктара гістарычных навук Сяргея Аркадзьевіча Піваварчыка, які быў прысвечаны вынікам даследавання археазаалагічнай калекцыі з гарадзішча Кульбачына.
Актыўнымі ўдзельнікамі круглага стала з’яўляліся і студэнты 1-3 курсаў спецыяльнасцей “Гісторыя (айчынная і ўсеагульная)”, “Гісторыя (археалогія)”; сябры СНГ “Археалагічны гурток”, якія задавалі пытанні і ўдзельнічалі ў дыскусіі.