"Шляхам Якуба Коласа"
Сёлета адзначаецца 140 гадоў з Дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Якуба Коласа. Па ініцыятыве факультэта гісторыі, камунікацыі і турызма 28 кастрычніка 2022 года была арганізавана экскурсія "Шляхам Якуба Коласа".
У экскурсіі прынялі ўдзел студэнты усіх спецыяльнасцяў нашага факультэта и студэнты спецыяльнасці "Беларуская філалогія" філалагічнага факультэта. Гэта было цікавае і займальнае падарожжа ў мясціны, звязаныя з лёсам класіка. Студэнты наведалі Акінчыцкую камору - месца дзе нарадзіўся паэт, праз цудоўныя радкі яго твораў увайшлі ў прастору мастацкіх вобразаў яго твораў, так добра знаёмых усім з дзяцінства. Далей чакала Альбуць - сядзіба, у якой прайшлі самыя радасныя гады маленства Якуба Коласа. Сёння экспазіцыя гэтага музея дапамагае глыбей спасцігнуць свет вобразаў паэмы "Новая зямля". Нарэшце, падарожжа вывяла ў Мінск, ва ўнікальны, адзіны ў сваім родзе музей. Гэта - дом, у якім прайшлі апошнія гады жыцця Якуба Коласа. Таму там можна не толькі пазнаёміцца з творчасцю пісьменніка, але і ўбачыць сапраўдныя інтэр'еры (кабінет, спальня), якія захоўваюць памяць пра класіка беларускай літаратуры.
Дарэчы, калі Вы ведаеце і любіце творчасць Якуба Коласа, далучайцеся да святкавання юбілею: напішіце аб тым, як і за што Вы любіце Коласа ў сваіх акаўнтах з #люблюколаса. 3 лістапада, у дзень нараджэння класіка, Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа рандомна вызначыць пераможцаў акцыі "Люблю Коласа".