Майстар-клас па археалогіі ў Воранаўскім раёне

15 кастрычніка сябры СНК “Археалагічны гурток” пад кіраўніцтвам старшага выкладчыка Аляксандра Дзмітрыевіча Гаршкова правялі ў в. Нача майстар-клас па археалогіі для вучняў Начскай сярэдняй школы, Радунскай сярэдняй школы, Доцішскай сярэдняй школы.

 

Мерапрыемства адбывалася ў адпаведнасці з падпісанай дамовай аб супрацоўніцтве Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы і Воранаўскім раённым выканаўчым камітэтам, а таксама згодна з планам  прафарыентацыйнай работы кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін.

Сустрэча ў Начскай сярэдняй школе пачалася з інфармацыйнага блока, дзе школьнікі даведаліся аб спецыяльнасцях, па якім навучаюць на факультэце гісторыі, камунікацыі і турызму, умовах паступлення на спецыяльнасці “Гісторыя (археалогія)” і “Гісторыя (айчынная і ўсеагульная)”, аб традыцыях і сучасным жыцці факультэта. Вучні пазнаёміліся з экспанатамі перасоўнай археалагічнай выставы “Археалагічная спадчына Беларускага Панямоння”, створанай на аснове матэрыялаў, атрыманых пад час даследаванняў выкладчыкаў і студэнтаў кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін. Студэнты 3-га курса Каспер Мікіта і Жабінскі Павел распавялі пра асаблівасці антрапалагічнага вывучэння рэшткаў старажытных людзей, спецыфіку ўзбраення вершніка ў сярэднявеччы і эвалюцыю сякер на тэрыторыі Беларусі.

Акрамя “інфармацыйнай” часткі, вучнік школ Воранаўскага раёна прынялі ўдзел у археалагічных даследаваннях на тэрыторыі в. Нача. З мэтай фіксацыі характару культурных напластаванняў на нядаўна выяўленым помніку быў закладзены шурф. Навучэнцы змаглі ўжывую ўбачыць і паўдзельнічаць у працы археолагаў і спрычыніцца да даследавання гісторыі свайго роднага краю.

Матэрыялы, атрыманыя ў ходзе археалагічных прац, пасля камеральнай апрацоўкі плануецца перадаць у фонды гісторыка-краязнаўчага музея імя Тэадора Нарбута, які дзейнічае пры Начскай сярэдняй школы.

У выніку правядзення мерапрыемства была дасягнута папярэдняя дамоўленасць аб правядзенні летам наступнага года каля в. Нача археалагічнага летніка з ўдзелам навучэнцаў школ Воранаўскага раёна.

Супрацоўнікі і студэнты кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін выказваюць словы шчырай падзякі дырэкцыі Начскай сярэдняй школы і кіраўніцтву Воранаўскага аддзела адукацыі за выдатную арганізацыю прафарыентацыйнага мерапрыемства і выказваюць надзею на далейшае супрацоўніцтва.

https://fh.grsu.by/images/stories/news/2022/1338.jpeg

https://fh.grsu.by/images/stories/news/2022/1339.jpg

https://fh.grsu.by/images/stories/news/2022/1340.jpg

https://fh.grsu.by/images/stories/news/2022/1341.jpg

https://fh.grsu.by/images/stories/news/2022/1342.jpg

https://fh.grsu.by/images/stories/news/2022/1343.jpeg

https://fh.grsu.by/images/stories/news/2022/1344.jpg

 

Вход на сайт