У Год гістарычнай памяці археалагічны гурток правёў круглы стол "ПЫТАННІ ВЫВУЧЭННЯ І ЗАХАВАННЯ ГІСТОРЫКА-КУЛЬТУРНАЙ СПАДЧЫНЫ БЕЛАРУСКАГА ПАНЯМОННЯ" да 80-годдзя прафесара Міхася Ткачова

10 сакавіка 2022 г. споўнілася бы 80 гадоў з дня нараджэння вядомага беларускага археолага і гісторыка, доктара гістарычных навук, прафесара Міхася Аляксандравіча Ткачова, які ў 1978 – 1989 гг. працаваў на гістарычным факультэце Гродзенскага дзяржаўнага універітэта.

 

На вялікі жаль, яму быў адведзены нядоўгі жыццевы шлях, усяго 50 гадоў, але яго жыццё сталася яскравым прыкладам самаадданага служэння Бацкаўшчыне і беларускаму народу. Памяці гэтага выдатнага чалавека, вучонага і педагога быў прысвечаны круглы стол “Пытанні вывучэння і захавання гісторыка-культурнай спадчыны Беларускага Панямоння”, які арганізаў і правёў 11 сакавіка 2022 г. археалагічны гурток пры кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін. 

 Ён нарадзіўся ў 1942 г. ў старажытным беларускім горадзе Мсціславе ў сям’і настаўнікаў. Бацька Міхася загінуў у барацьбе з фашыстамі пад Ленінградам у 1942 г., не даведаўшыся аб нараджэнні сына. Багатая гісторыя роднага горада, помнікі археалогіі і архітэктуры моцна паўплывалі на станаўленне рамантычнай асобы будучага навукоўца і ў 1959 г. Міхась паступіў на гітстарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага універсітэта. Менавіта ў студэнцкія гады ён канчаткова “захварэў” сярэднявечнай гісторыяй Беларусі. У гэтую пару лёс паслаў яму знаёмства з вядомым гісторыкам Мікалаем Улашчыкам, які моцна паўплываў на Міхася Ткачова. Яны сябравалі да аошніх дзён М.Улашчыка.

Прага вывучаць сярэднявечча прывяла Міхася Ткачова ў аспірантуру Інстытута гісторыі Акадэміі навук БССР. Ён стаў не кабінетным гісторыкам, а рамантыкам-археологам і маладыя гады правёў ў разведках і экспедыцыях, у таварыстве аднадумцаў, якія разам з ім абыйшлі ўсю Беларусь, адкрываючы для сябе і людзей яе незлічоныя багацці, скарбы чалавечых душ і гісторыі. Як гэта ўзбагаціла яго ўласны ўнутраны свет, ведаюць усе, хто сутыкаўся і размаўляў з Міхасём Ткачовым. Ён не апавядаў, а ствараў маляўнічыя абразкі, якія з кожнай новай сустрэчай і размовай складаліся ў шырокую панараму, дзе перапляталіся і ажывалі падзеі сівой даўніны і перыпетыі яго падарожжаў, сустрэчы з рэальнымі цікавымі людзьмі і героямі мінулых стагоддзяў. Палітра яго фарбаў была заўсёды яркай і шчодрай, ён не шкадаваў колераў ані ў сваіх вусных апавяданнях, ані ў навуковых кнігах. Таму яго працы разыходзіліся адразу сярод чытачоў і мелі вялікі поспех. Міхась Ткачоў адным з першых на Беларусі пачаў працаваць на мяжы археалогіі і гісторыі, вывучаючы абарончае дойлідства Вялікага княства Літоўскага ў сярэднявечныя часы. Можна ўпэўнена гаварыць аб тым, што ён быў пачынальнікам новага накірунку ў археалогіі на еўрапейскай частцы Савецкага Саюза – “гістарычнай археалогіі”. М.Ткачоў, як ніхто іншы, змог у сваіх працах гарманічна спалучыць археалагічныя дадзеныя з пісьмовымі крыніцамі, што дазваляла рабіць яму абгрунтаваныя высновы. Сёння “гістарычная археалогія” – агульнапрызнаная галіна навукі, якая паспяхова развіваецца ў Беларусі, Польшчы, Расіі, Літве, Украіне. Усе кнігі, напісаныя М.А. Ткачовым – гэта піянерскія працы, вынік грунтоўнага аналізу крыніц і распрацоўкі новых накірункаў у беларускай гістарыяграфіі – гісторыя сярэднявечнай фартыфікацыі Беларусі, гісторыя вайсковай справы.

З 1978 г. лёс на 12 гадоў звязаў М. Ткачова з Гродна. Ён з асаблівай любоўю ставіўся да горада над Нёманам, вельмі часта і не без падстаў называў яго “сапраўдным музеем пад адкрытым небам”. Гэта менавіта ён распрацавай і прапанаваў гарадскім уладам у сярэдзіне 80-х гг. праграму “Гродна – горад-музей і горад музеяў”. Міхась Ткачоў вельмі шмат зрабіў для захавання гістарычнай памяці, помнікаў гісторыі культуры Гродна. Выдатны навуковец, таленавіты выкладчык, актыўны грамадскі дзеяч, ён пакінуў значны след у жыцці і душах многіх гарадзенцаў розных пакаленняў.

 Адной з характэрных рысаў М.Ткачова былі паважныя адносіны да студэнтаў, ён бачыў у іх калегаў і таварышаў, заўсёды адклікаўся на просьбы, аказываў самую шчырую дапамогу ў вырашэнні праблем. Метады яго як педагога былі вельмі простыя – рабі як я, рабі разам са мной, рабі лепш за мяне. Сваім асабістым прыкладам ён дэманстраваў прафесійныя адносіны да гісторыі. Для многіх сучаснікаў Міхась Александравіч Ткачоў застаўся вялікім Рамантыкам і сапраўдным Беларусам, чалавекам які паказаў шлях да беларускай гісторыі.

                                                                                                                      С.А. Піваварчык

https://fh.grsu.by/images/stories/news/2022/0337.jpg

https://fh.grsu.by/images/stories/news/2022/0338.jpg

https://fh.grsu.by/images/stories/news/2022/0339.jpg

https://fh.grsu.by/images/stories/news/2022/0340.jpg

https://fh.grsu.by/images/stories/news/2022/0341.jpg

https://fh.grsu.by/images/stories/news/2022/0342.jpg

https://fh.grsu.by/images/stories/news/2022/0343.jpg

https://fh.grsu.by/images/stories/news/2022/0344.jpg

Вход на сайт