Адукацыйная вандроўка на Брэсцка-Пінскае Палессе

15 студзеня супрацоўнікі кафедры турызму і культурнай спадчыны  прынялі ўдзел у адукацыйным экскурсійным туры па маршруту “Гродна – Пінск – Моталь – Варацэвічы – Гродна. Разам з супрацоўнікамі турыстычнай індустрыі г. Гродна Гецэвіч А.К., Семянчук А.А., Ярмак Ю.Г., Грыгарчук Р.С. і Карнялюк В.Р. пазнаёміліся з турыстычнымі магчымасцямі найноўшага  музея г. Пінске – “Музея гісторы яўрэяў Палесся” (стваральніца Т.А. Хвагіна).

 

У былым беларускім мястэчку Моталь удзельнікам тура прапанавалі цэлы комплекс турыстычных паслуг на базе “Мотальскага музея народнай творчасці” і яго філіяла “Нашы карані”. Гэта і аглядная экскурсія па васьмі экспазіцыйных залах музея, і знаёмства з анімацыйнымі праграмамі  “Вясельны каравай”, “У гасцях у бабулі Алены”, “Калядкі”, а таксама пазнаёміліся з творчасццю  народнага ансамбля музея “Мотальскія суседзі”. Увесь комплекс прапанаваных  магчымасцяў музея – гэта важны досвед для арганізацыі заняткаў са студэнтамі спецыяльнасці “Турызм і гасціннасць”.

Трэцім  аб’ектам экскурсіі стаў самы новы на Палессі музей у в. Варацэвічы Іванаўскага раёна – “Раёный музейны комплекс Напалеона Арды”. У комплекс уваходзяць тры музейных аб’екта – Музей Н. Арды, карцінная галерэя імя Н. Арды і адноўленая сядзіба  Н. Арды. Усе ўдзельнікі вандроўкі  атрымалі магчымасць пазнаёміцца з сапраўднымі падзвіжнікамі нашай нацыянальнай культуры – экскурсаводам і краязнаўцам Таццянай Аркадзьеўнай Хвагінай, кіраўніком мотальскага музея Вольгай Рыгораўнай Кульбедай, экскурсаводамі мотальскага музея, дырэктарам музейнага комплексу ў Варацэвічах Вольгай Георгіеўнай Краўчук і навуковым супрацоўнікам  Ларысай Сяргееўнай Дрычыц. Такое знаёмства з прывабнымі турыстычнымі аб’ектамі Брэсцкай вобласці стала магчымым па ініцыятыве аддзела турызму Іванаўскага райвыканкаму. Новыя веды і сувязі, бесспрэчна стануць новымі педагагічнымі і навуковымі магчымасцямі для ўсіх удзельнікаў гэтага знаёмства з асноўнай часткаю Брэсцка-Пінскага Палесся – Загароддзем.

 

https://fh.grsu.by/images/stories/news/2022/0129.jpg

https://fh.grsu.by/images/stories/news/2022/0130.jpg

https://fh.grsu.by/images/stories/news/2022/0131.jpg

Вход на сайт