Рэспубліканская студэнцкая навукова-практычная канферэнцыя “Прылады, зброя і тэхналогіі ў кантэксце эканамічнага і сацыяльна-культурнага развіцця Беларусі (да 55-годдзя Ю. М. Бохана)”
26-27 сакавіка 2021 г. на факультэце гісторыі, камунікацыі і турызму прайшла Рэсубліканская студэнцкая навукова-практычная канферэнцыя “Прылады, зброя і тэхналогіі ў кантэксце эканамічнага і сацыяльна-культурнага развіцця Беларусі”, прысвечаная 55-годдзю з дня нараджэння выбітнага беларускага гісторыка і археолага Юрыя Бохана.
Удзел у канферэнцыі прынялі навукоўцы з БДУ, Інстытута падрыхтоўкі навуковых кадраў НАН Беларусі, Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея, студэнты і аспіранты БДУ і ГрДУ ім. Я. Купалы.
Першым на пленарным пасяджэнні быў заслуханы даклад пра асобу Юрыя Мікалаевіча Бохана. Ён быў прадстаўлены кандыдатам гістарычных навук Мікалаем Аляксандравічам Плавінскім, які з’яўляўся аспірантам Юрыя Бохана. Акрамя гэтага М.А. Плавінскі распавёў пра тое, як крывічы будавалі курганныя насыпы і правёў прэзентацыю спецыяльнай серыі Беларускай дзіцячай энцыклапедыі, прысвечанай археалогіі. На пленарным паседжанні былі таксама прадстаўлены даклады аб новых знаходках узбраення на тэрыторыі Старога Замка ў Гродне (загадчык аддзела археалогіі Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея Н.А. Кізюкевіч) і пра праблематыку шкловырабніцтва на прыкладзе гуты каля в. Ілья Вілейскага раёна (загадчык кафедры археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін БДУ П.С. Курловіч). Даклады маладых даследчыкаў былі прысвечаны розным праблемам археалагічнага вывучэння прадметаў і тэхналогій вытворчасці.
Для ўдзельнікаў канферэнцыі былі арганізавана дзве навукова-метадычныя экскурсіі. Першая экскурсія адбылася на раскоп на тэрыторыі Старога Замка ў Гродне, дзе кіраўнік даследаванняў Наталля Аляксандраўна Кізюкевіч распавяла пра асаблівасці археалагічных даследаванняў і будучыя планы. Другая экскурсія прайшла па маршруце Гродна-Ваўкавыск-Гродна, дзе ўдзельнікі канферэнцыі наведалі ўнікальные археалагічные помнікі: гарадзішча-свяцілішча Верхаўляны, комплекс з трох гарадзішчаў старажытнага Ваўкавыска, майстэрні па здабычы крэмяню эпохі неаліту-бронзы каля пасёлка Краснасельскі, а таксама азнаёміліся з экспазіцыяй Ваўкавыскага ваенна-гістарычнага музею.
Канферэнцыя праводзілася па ініцыятыве кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін, з’яляецца традыцыйнай і праводзіцца ў фармаце, калі з вынікамі сваіх даследаванняў выступаюць як студэнты, магістранты і аспіранты, так і сталыя навукоўцы. Папярэднія канферэнцыі былі прысвечаны памяці знакамітых беларускіх даследчыкаў Міхася Ткачова і Міхала Чарняўскага.
Па выніках працы канферэнцыі плануецца выданне зборніка навуковых артыкулаў.