Свет дзікай прыроды Беларусі: удзельнікі гуртка “Рэгіянальная культура і турызм” наведалі адкрыццё фотавыставы
У статуце студэнцкага навуковага гуртка “Рэгіянальная культура і турызм” вялікая ўвага надаецца сумеснаму карыснаму баўленню вольнага часу з культурна-асветніцкай мэтай. На гэты раз навуковы кіраўнік гуртка дацэнт кафедры турызма і культурнай спадчыны У.А. Жылко прапанавала гурткоўцам наведаць цікавую імпрэзу – адкрыццё фотавыставы “Дзікая прырода Беларусі” і прымеркаваную да яе сустрэчу з куратарам мерапрыемства, дырэктарам Рэспубліканскага фонда развіцця турызму і падтрымкі дзікай прыроды “Планета без межаў” Сяргеем Плыткевічам. Сустрэча адбылася 20 сакавіка.
Падчас мерапрыемства удзельнікі мелі магчымасць пазнаёміцца з неверагоднымі здымкамі прадстаўнікоў дзікай прыроды Беларусі, убачыць эксклюзіўны сюжэты са свету жывой прыроды, недасяжныя звычайнаму чалавеку. У экспазіцыі прадстаўлена больш за пяцьдзясят работ дваццаці пяці аўтараў з Клуба фатографаў дзікай прыроды.
Выстава адкрылася творчай сустрэчай з Сяргеем Плыткевічам – неверагодна цікавым творчым чалавекам, аматарам сваёй справы. Ён распавёў прысутным пра свой шлях у журналістыку і фатаграфію (ад палітычнай рэпартажнай фатаграфіі, да краязнаўчай, этнаграфічнай і фатаграфіі прыроды), падзяліўся рэдкімі гістарычнымі здымкамі з уласных архіваў, распавёў пра многія аспекты дзейнасці і планы. Будучым адмыслоўцам у сферы турызма было цікава паслухаць пра перспектыўныя напрамкі развіцця турыстычнай сферы Беларусі на думку аўтара, пра дзейнасць турыстычнага комплекса “Чырвоны Бор”, Аўгустоўскага канала, Ельні.
С.Плыткевіч падкрэсліў, што ўлюблёныя для наведвання рэгіёны вызначаюцца не толькі прыроднымі каштоўнасцямі і прыгажосцю краявідаў, але і абавязкова людзьмі, прадэманстраваў здымкі мясцовых жыхароў. Шмат цікавостак распавёў фатограф і з уласнай прафесійнай дзейнасці, нават прадэманстраваў гледачам прыродны трылер “Апошні глушэц” – займальнае і забаўляльне відэа пра такаванне.
С.Плыткевіч падкрэсліў турыстычны патэнцыял фотасправы і распавёў пра асобны накірунак у экатурызме замежных краін – фотаатэлье для жывёл і птушак. У спецыяльна адведзеным і абсталяваным месцы прыкормліваюць дзікіх жывёл, на адлегласці размяшчаецца месца для размяшчэння фатографа. Да прыкладу, у Фінляндыі так прыкормліваюць з мэтай фотапалявання мядзведзей. Цешыць, што гэты досвед пераймаецца і ў Беларусі.
Аўтарская метафара “беларуская экзотыка”, ужыты ў дачыненні да ўнікальнай прыроды Беларусі падаецца надзвычай дарэчнай: напраўду, для сучаснага жахара горада свет дзікай прыроды з яе цікавосткамі з’яўляецца сапраўды экзатычным. Для замежнага госця – тым больш, уражваючы фактар. Англійскі навуковец, які за ймаецца вывучэннем балот, прыехаў у Беларусь, прайшоўся па дрыгве, пабачыў непасрэдна тое, што вывучае – дзяліўся пасля ўражаннямі з С.Плыткевічам.
Сустрэча атрымалася вельмі цёплай і душэўнай і нікога не пакінула абыякавым. Ні да ўнікальнанага свету дзікай прыроды, непаўторнай прыгажосці беларускіх краявідаў, ні да фатаграфіі як творчай з’явы, якая больш за тое валодае турыстычным патэнцыялам у пазіцыянаванні і фарміраванні прывабнасці тэрыторыі. Асабістую падзяку навуковы кіраўнік гуртка выказвае студэнту 3 курса спецыяльнасці “Турызм і гасціннасць” Ерчыку Дзянісу за ініцыятыўнасць і актыўную падтрымку ўсіх мерапрыемстваў гуртка.
Выстава “Дзікая прырода Беларусі” будзе працаваць у Гродзенскай выставачнай залі да 20 красавіка. Варта паспець наведаць.