Чароўны свет барока: адбылося чарговае паседжанне студэнцкага навуковага гуртка "Рэгіянальная культура і турызм"
13 сакавіка адбылося чарговае выязное паседжанне студэнцкага навуковага гуртка пры кафедры турызма і культурнай спадчыны “Рэгіянальная культура і турызм”. На гэты раз аб’ект наведвання быў абраны невыпадкова – барочная архітэктура Гродна натхняе турыстаў і месцічаў, з’яўляецца аб’ектам цікавасці многіх навукоўцаў. Гурткоўцы разам з навуковым кіраўніком, дацэнтам кафедры турызма і культурнай спадчыны У.А. Жылко наведалі гродзенскі касцёл Маці Божай Анёльскай.
У рамках паседжання гуртка загадчык кафедры турызма і культурнай спадчыны У.Я. Ляўшук прачытаў гурткоўцам вельмі цікавую лекцыю пра асаблівасці стылю барока ў архітэктуры. На лекцыі прысутнічалі калегі з кафедры С.В.Чувак, В.Р. Карнялюк, Ю.Г. Ярмак. Шаноўны лектар звярнуў увагу на гісторыю стварэння ордэна францысканцаў, асаблівасці жыцця Францыска Асізскага, светапоглядныя дамінанты жабрацкага ордэна, а таксама стылістычныя асаблівасці барочнага храма, сімволіку інтэр’ераў. Гурткоўцам пашчасціла пазнаёміцца з грунтоўнымі культуралагічнымі высновамі – свае змястоўныя тэзісы Уладзімір Яўгеньевіч падмацоўваў выразнымі прыкладамі, паколькі знаходжанне ў прасторы храма садзейнічала нагляднаму ўспрыняццю тэарэтычнага матэрыяла.
Цікавымі для аматараў культурнай спадчыны былі звесткі з жыцця і дзейнасці кананізаваных манахаў. Удалым момантам стварэння адпаведнай настраёвасці было выдатна падабранае музычынае суправаджэнне ў канцы лекцыі – знакамітая песня “Горад залаты” гурта “Акварыум”, багатая на сімволіку, прысутную ў выявах храма, эмацыйна замацавала пазнавальны аспект лекцыі. Незабыўнае ўражанне гурткоўцы і прысутныя атрымалі ад магчымасці ўзняцца на хоры і паглядзець на прастору храма з вышыні, разгледзець зблізу арган. Гурткоўцы адзначылі падобныя выязныя паседжанні як вельмі прадуктыўную і цікавую форму работы. Навуковы кіраўнік гуртка прапанавала замацаваць атрыманыя веды ў падрыхтаваных артыкулах на бліжэйшыя канферэнцыі.