Глядзець страшна, але адарвацца немагчыма: кінапрагляд у межах пасяджэння кінаклуба “Кола”
25 лютага на факультэце гісторыі, камунікацыі і турызму адбылося першае ў гэтым годзе пасяджэнне факультэцкага кінаклуба “Кола”. Кінаклуб пазнаёміў студэнтаў і выкладчыкаў з шэдэўрам сусветнага кіно – стужкай “Рэквіем па мары” ў беларускамоўнай агучцы. Рэжысёр фільма Дарэн Аранофскі змушае паглыбіцца ў самую сутнасць чалавечага быцця. Таблеткі, сродкі для пахудзення, парашкі, таксама тэлевізар могуць стаць аб’ектамі пажадлівасці, выклікаць прывыканне і прывесці да страшнай дэфармацыі ўнутранага свету. Фільм атрымаў мноства ўзнагарод фестываляў і супольнасцяў кінакрытыкаў.
Пасяджэнне клуба ўключае абмеркаванне праблематыкі і мастацка-эстэтычнай спецыфікі фільма. Удзельнікі прагляду актыўна дзяліліся сваімі пачуццямі, эмоцыямі і думкамі, выкліканымі кінастужкай. Чакаем вас у госці на нашы наступныя кінапаказы.
Нікуліна Дзіяна,
старшыня кінаклуба