Прэзентацыя кнігі па гісторыі Праваслаўнай царквы на Гродзеншчыне
17 снежня 2020 г. на нашым факультэце адбылася прэзентацыя зборніка дакументаў “Православная церковь на территории Гродненской области (1944–1991 гг.): документы и материалы”. Дадзенае навуковае выданне з’яўляецца вынікам супрацоўніцтва Дзяржаўнага архіва Гродзенскай вобласці, Гродзенскай епархіі Беларускай Праваслаўнай царквы і кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін ГрДУ імя Янкі Купалы.
На сустрэчы выступілі дырэктар архіва С.І. Міклашэвіч, супрацоўніца архіва і адна з укладальніц зборніка Л.В. Салкевіч, навуковыя рэдактары зборніка кандыдат гістарычных навук, дацэнт С.У. Сілава, кандыдат гістарычных навук, дацэнт А.С. Горны, протаіерэй А. Велісейчык, а таксама рэцэнзент зборніка – доктар гістарычных навук, прафесар Э.С. Ярмусік. Мадэратарам мерапрыемства выступіў А.С. Горны.
Калектыў укладальнікаў і рэдактараў зборніка падзяліўся перад аўдыторыяй сваімі ўражаннямі, эмоцыямі, цяжкасцямі, якія прыйшлося адчуць падчас падрыхтоўкі гэтай навуковай працы.
У зборніку апублікаваны ўнікальныя дакументы са збораў Дзяржаўнага архіва Гродзенскай вобласці аб закрыцці праваслаўных храмаў на Гродзеншчыне ў пасляваенны перыяд, аб рэлігіі ў савецкай паўсядзённасці часоў М. Хрушчова і Л. Брэжнева, аб адносінах савецкай дзяржавы да Праваслаўнай царквы.
Дадзеная навуковая праца стане добрым дапаможнікам студэнтам-гісторыкам нашага факультэта пры падрыхтоўцы курсавых, дыпломных ці магістарскіх работ.
Як выказаліся самі рэдактары зборніка: “Тое, што мы прадставілі чытачу гэта толькі вяршыня айсберга. Кожны год адкрываюцца, новыя дакументы, якія адносяцца да гэтай праблемы і якія трэба ўводзіць у навуковы зварот”.
Прэзентацыя выклікала зацікаўленасць у студэнцкай аўдыторыі, пра што сведчылі шматлікія пытанні.
Я. Мацута