На паседжанні кінаклуба “Культурнае кіно” абмеркавалі навінку сусветнага кінематографа
Чарговае паседжанне кінаклуба “Культурнае кіно” пад кіраўніцтвам загадчыка кафедры турызму і культурнай спадчыны У.Я. Ляўшука і дацэнта кафедры У.А. Жылко было прысвечана сумеснаму прагляду і абмеркаванню навінкі сусветнага кінематографа – фільма Хрыстафера Нолана “Довад” у кінатэатры “Космас”.
Нягледзячы на працяглы хранаметраж, фільм глядзеўся на адным дыханні і пакінуў вельмі шмат уражанняў і тэмаў для абмеркавання у гурткоўцаў. Займальны, дынамічны, напружаны сюжэт, цікавая тэма, нечаканы фінал фільма спрыялі выяўленню ў ім культуралагічных сэнсаў. Найперш гурткоўцы адзначылі, што цікавасць да тэмы часу і яго ўспрыняцця чалавекам – гэта канцэпт, які часта сустракаецца ў кінематографе. Магчымасць ствараць шматлікія варыянты мінулага і будучыні. Трапіўшы ў інверсіраваны свет, герой можа змяняць будучыню, дзе ўсё неспакойна. Мінулае і актуальная рэальнасць хаатычна сплятаюцца на экране. Нолан звярнуўся да асэнсавання нелінейнага, а шматслойнага ўспрыняцця часу, увёўшы пагрозлівую для чалавецтва катэгорыю інверсійнай энтрапіі. Гурткоўцы выявілі таксама шматлікія архетыпы ў фільме. Архетып героя (пратаганіста) і архетып ценю. Пры дапамозе часавай інверсіі антаганіст у фільме імкнецца стаць Богам, у чым бачыцца адсылка да ніцшэанства. “Маніпуляцыі з часам робяць фільм цікавым, а не проста шпіёнскім баявіком”, – слушна адзначыў адзін з удзельнікаў гуртка.