Простыя рэчы паўсядзённасці як адлюстраванне эпохі: студэнты спецыяльнасці "Турызм і гасціннасць" наведалі музей гісторыі рэлігіі
Добрае восеньскае надвор’е, творчая ініцыятыва і неабыякавасць да сваёй культуры стала выдатным матывам для студэнтаў 2 курса спецыяльнасці “Турызма і гасціннасць”, каб наведаць разам з выкладчыкам, дацэнтам кафедры турызму і культурнай спадчыны У.А. Жылко у межах дысцыпліны “Гісторыя беларускай культуры” музей гісторыі рэлігіі.
Выбар экскурсіі нездарма быў спынены на запатрабаванай сярод наведвальнікаў музея экскурсіі “Эпоха. Час. Будынак”. Цікавасць да свету паўсядзённасці беларускай шляхты была абумоўлена тым, што менавіта праз звыклыя простыя рэчы можна пазнаёміцца не толькі з традыцыямі, але і са светапоглядам, разуменнем прыгожага прадстаўнікоў знатных родаў.
Экскурсавод расказаў гiсторыю будынка - палаца XVIII-XIX ст.; пазнаёміў студэнтаў з традыцыямі сям’i, у фармiраваннi якiх значная роля належала рэлiгii. Гарадскі побыт XIX-XX стагоддзяў выклікаў цікавасць у другакурснікаў. Прадметы побыту розных эпох на выставе аб’яднаны ў тэматычныя блокі. У адной з залаў анфілады экспануюцца прадметы мэблі XIX - пачатку ХX стагоддзяў, партрэты, гадзіннiкi, патэфон, посуд, старыя газеты і часопісы, арыгінальныя ўзоры рукадзелля, паштоўкі, вееры, парасоны, малыя скульптуры. Асобная зала прысвечана паломніцтвам, у якія адпраўляліся гараджане ў мінулым: захаваліся сувеніры, прывезеныя больш за сто гадоў таму з Афона, Кіева-Пячэрскай Лаўры, Рыма, Індыі. Атрыманыя на занятках веды будуць карыснымі будучым адмыслоўцам у сферы турызму, пашыраць іх гісторыка-культурны кругагляд.