Студэнты 1 курса спецыяльнасці «Турызм і гасціннасць» зладзілі вучэбна-пазнавальную вандроўку па нашай краіне
Ужо традыцыйна, у межах вучэбнай практыкі па арганізацыі дзейнасці турыстычных прадпрыемстваў студэнты 1 курса спецыяльнасці «Турызм і гасціннасць» зладзілі вучэбна-пазнавальную вандроўку па нашай краіне.
Цягам трох дзён першакурснікі пазнаёміліся з турыстычнай прапановай самых розных удзельнікаў нацыянальнай турыстычнай індустрыі і ўбачылі яскравыя прыклады нашай гісторыка-культурнай спадчыны. У аграсядзібе «Стулы» Пружанскага раёна, яе гаспадыня Ларыса Быцко пазнаёміла студэнтаў з магчымасцямі дэманстрацыі традыцыйнай беларускай культуры. Экскурсія па музею прыроды і вальерам ў Белавежскай пушчы дазволіла ўбачыць сусветна вядомы турыстычны прыродны аб’ект. Падчас экскурсійнага знаёмства з мемарыялам «Брэсцкая крэпасць-герой» юнакі і дзяўчаты пазнаёміліся з гісторыяй абсластнога горада нашага Заходняга Палесся. Мотальскі музей народнай творчасці ў Загараддзі наблізіў студэнтаў да традыцыйнай культуры паляшукоў. Праходка па Пінску стала магчымасццю ўгледзецца ў касцёл Ўнебаўзяцця Прысвятой Дзевы Марыі з дапамогаю аповяду яго настаяцеля, а таксама крочыць па знакамітай набярэжнай Піны. Прыпынак у Тураве дазволіў дакрануцца да нашых старадаўніх святыняў. Гомель, як сталіца Ўсходняга Палесся, прыадкрыўся студэнтам дзякуючы кваліфікаванай экскурсіі па палацаваму комплексу Румянцавых-Паскевічаў. Напрыканцы вандроўкі студэнтаў чакаў цуд гатычнага касцёла Св. Троіцы ў Ішкалдзі. Акрамя таго, новым досведам будучых спецыялістаў у турызме сталі начоўкі на турыстычных базах у в. Сухое Іванаўскага раёна і ў Гомельскім абластным цэнтры турызму і краязнаўства. Асобым турыстычным вопытам для студэнтаў была якасная праца кіроўцы мікраўтобуса ( за што асобная падзяка супрацоўнікам Рэгіянальнаму цэнтру турызма ГрДУ ім. Я. Купалы). Падаецца, што ўражанні і думкі, да якіх падводзілі ўдзельнікаў практыкі падзеі ўсіх трох дзён, спатрэбяцца ў далейшай іх вучобе, якая толькі пачынаецца.