“Непарыўная ніць”: студэнты-першакурснікі пазнаёміліся з традыцыяй святкавання Дзядоў у беларускай культуры
Студэнты-першакурснікі спецыяльнасці “турызм і гасціннасць” пазнаёміліся з традыцыяй святкавання Дзядоў на Беларусі, наведаўшы разам з куратарам старшым выкладчыкам кафедры турызма і культурнай спадчыны Жылко У.А. цікавую імпрэзу ў музеі гісторыі рэлігіі.
Для гасцей супрацоўнікі музея падрыхтавалі займальную экскурсію па выставе “Непарыўная ніць. Дзяды ў беларускай традыцыі”, падчас якой распавялі пра традыцыі шанавання продкаў, якія склаліся на працягу тысячагоддзяў. Свята мае даўнія гістарычныя карані яшчэ з паганскіх часоў, але гэтая традыцыя на Беларусі і яе культура трывала захавалася і ў хрысціянскі перыяд. Напярэдадні дня памяці продкаў многія праводзяць генеральную ўборку ў доме, і асаблівую стараннасць праяўляюць у мыцці вокнаў, бо лічыцца, што на Дзяды душы памерлых прыходзяць у дом, каб паглядзець, як жывуць іх дзеці, унукі і праўнукі. Як правіла, у дзень святкавання Дзядоў было прынята ладзіць багатую вячэру ў гонар памерлых продкаў. Продкі павінны былі добра паесці і павесяліцца, інакш яны маглі б наслаць няшчасці на сям'ю. Пачынаў вечар гаспадар дома: ён са свечкай у руках абыходзіў святочны стол, а потым адчыняў усе дзверы і вокны і клікаў продкаў на вячэру. Клікаць трэба было ўсіх па імёнах, што даказвала, што свой род шанавалі і памяталі ўсіх, хто даў жыццё сям'і.
Экскурсія скончылася містычнай віктарынай у фае музея, дзе для таго, каб патрапіць на наступную частку святочнай імпрэзы, трэба было адказаць на пытанні таямнічых “вартаўнікоў” залі. Студэнты атрымалі магчымасць праверыць свае веды.
Наступным этапам вечарыны была натхняльная музычная частка: у суправаджэнні аўтэнтычных традыцыйных музычных інструментаў Т.Салаўёва выканала некалькі адмысловых песень. Прыемным сюрпрызам быў пачастунак для дзядоў: усе госці імпрэзы былі запрошаны на сімвалічную вячэру: зёлкавую гарбату з мёдам і блінамі. Пры гэтым на стале паводле традыцыі абавязкова стаяла “дзедава міска і кубак” – што азначала – з прашчурам падзяліцца. Таксама была запалена свечка для дзядоў.
Першакурснікі засталіся пад уражаннем ад наведанай імпрэзы: “Дадзены мерапрыемствы вельмі пазнавальныя і карысныя. На іх шмат аб чым цікавым з нашай багатай культуры можна даведацца – будзе цяпер што распавесці бацькам, каб аднавіць традыцыю ў нашай сям’і. бо захаваць повязь пакаленняў – гэта надзвычай важна сёння, – адзначыла студэнтка Ева Юроўская. – Нам ёсць што адказаць Хэлоўіну”.