Паглядзець на горад у мініяцюры: студэнты спецыяльнасці “Турызм і гасціннасць” наведалі інтэрактыўны музей "Grodno Mini"
Студэнты 2 курса спецыяльнасці"Турызм і гасціннасць" наведалі музей "Grodno Mini" па адрасе вул.Тэльмана, 4. Арганізатарам мерапрыемства стала старшы выкладчык кафедры турызма і культурнай спадчыны Жылко Ульяна Аляксандраўна.Будучым адмыслоўцам у сферы турызма было цікава пазнаёміцца з першым інтэрактыўным музеем у нашым горадзе.
Зараз у музеі адкрыта экспазіцыя «Брамы Гарадзенскія» - унікальны, створаны ўручную макет гістарычнага цэнтра горада. Макет з'яўляецца жывым увасабленнем Гродна ва ўсім багацці і прыгажосці яго архітэктуры. Падчас света-музычнага прадстаўлення падзеі з гісторыі Гродна разгортваліся акурат на вачах экскурсантаў, а ад займальных гісторый захоплівала дух. Пасля завяршэння 20-хвіліннага перформансу можна было задаць пытанні экскурсаводу (дарэчы, таксама студэнтцы дадзенай спецыяльнасці) і атрымаць змястоўныя і цікавыя адказы. У музеі студэнты паглядзелі на наш горад 18 стагоддзя, але толькі ў паменшаным маштабе, параўналі, колькі спадчыны было страчана за часы гістарычных катаклізмаў папярэдніх стагоддзяў, колькі цікавостак захоўваюць наяўныя помнікі гісторыі і культуры. Некаторым нават атрымалася патрымаць у руках Каложскую царкву, але толькі маленькую – макет царквы зроблены аўтарамі праекта ў большым маштабе, чым сама экспазіцыя, каб можна было больш уважліва пазнаёміцца з усімі архітэктурнымі асаблівасцямі гарадзенскай школы дойлідства.
Другакурснікі сістэматызавалі і ўзмацнілі свае веды па гісторыі беларускай культуры і гродназнаўстве. Студэнты, ды і сам выкладчык, засталіся пад вялікім уражаннем ад экспазіцыі.