Ты з Заходняй, я з Усходняй нашай Беларусі…
25 верасня 2019 года на факультэце гісторыі, камунікацыі і турызму адбылося паседжанне круглага стала, прысвечанага 80-годдзю ўз’яднання Заходняй Беларусі і БССР. Выкладчыкі і студэнты прыгадалі падзеі верасня 1939 года, якія і на сённяшні дзень лічацца складанымі і супярэчлівымі старонкамі ў нашай гісторыі, але менавіта дзякуючы ім мы маем шчасце жыць у Рэспубліцы Беларусь – суверэннай краіне, якую добра ведаюць ва ўсім свеце.
Работу круглага стала распачала намеснік дэкана факультэта па навуковай працы Анастасія Вадзімаўна Зезюлевіч, якая прапанавала ўсім ўдзельнікам сустрэчы ўспомніць гістарычныя падзеі 1939 года і ўявіць, якім у тыя часы было жыццё маладых беларусаў – равеснікаў сённяшніх студэнтаў.
Разам з дацэнтам кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін Аляксеем Мікалаевічам Загідуліным удзельнікі круглага стала паспрабавалі знайсці адказ на невырашанае канчаткова ў гістарычнай навуковай літаратуры пытанне аб межах і колькасці насельніцтва Заходняй Беларусі.
Уладзімір Яўгенавіч Ягорычаў, дацэнт кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін, расказаў студэнтам аб асаблівасцях нацыянальна-вызваленчага руху на тэрыторыі Заходняй Беларусі і дзейнасці Беларускай сялянска-работніцкай грамады .
Эдмунд Станіслававіч Ярмусік, прафесар кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін, у сваім дакладзе акрэсліў асноўныя пытанні сацыяльна-эканамічнага развіцця Заходняй Беларусі ў 1930-ыя гады.
Старшы выкладчык кафедры беларускай філалогіі Святлана Мікалаеўна Тарасава пазнаёміла ўдзельнікаў мерапрыемства з асаблівасцямі культурнага жыцця ў Заходняй Беларусі і засяродзіла ўвагу студэнтаў на асноўных літаратурных плынях таго часу.
Наталля Леанідаўна Улейчык, дацэнт кафедры ўсеагульнай і славянскай гісторыі, расказала, у якіх няпростых умовах адбывалася станаўленне сістэмы вышэйшай адукацыі на тэрыторыі Заходняй Беларусі пасля ўз’яднання з БССР, і ўзгадала пачатак гісторыі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы (а ў тыя далёкія часы – Гродзенскага настаўніцкага інстытута), які ў хуткім часе таксама адзначыць 80-гадовы юбілей.
Мадэратарам круглага стала выступіў дацэнт кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін Сяргей Уладзіміравіч Амелька, дзякуючы трапным заўвагам і пытанням якога дыскусія атрымалася плённай і цікавай.
Скончылася сустрэча апладысментамі, якімі студэнты падзякавалі выкладчыкаў за інфарматыўныя і якасныя выступленні.