Да 25-годдзя Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь
Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь – дзяржаўнае свята, якое адзначаецца ў краіне 15 сакавіка. Дзеючая Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь 1994 года з'яўляецца галоўным, асноўным Законам дзяржавы. На яе аснове фарміруецца ўся сістэма бягучага заканадаўства, у ёй вызначаецца кампетэнцыя дзяржаўных органаў.
З нагоды сёлетняй асаблівай даты – 25-годдзя беларускай Канстытуцыі члены студэнцкага навуковага гуртка “Рэгіянальнай культуры і турызму” разам з навуковым кіраўніком старшым выкладчыкам кафедры турызму і культурнай спадчыны Жылко У.А. і дацэнтам кафедры турызму і культурнай спадчыны Карнелюком В.Р. плённа папрацавалі ў фондах Музея гісторыі ГрДУ з мэтай дапамогі работнікам музея ў падрыхтоўцы выставы да 25-годдзя Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Пры падрыхтоўцы стэндаў было вырашана адштурхоўвацца ад канцэпцыі рэалізацыі асноўных артыкулаў Канстытуцыі і ўвасаблення іх у дзейнасці нашага ўніверсітэта. Гурткоўцы дапамаглі адабраць наглядны матэрыял для стэндаў, сістэматызаваць і вылучыць асноўныя экспанаты. Акцэнт быў зроблены на першых двух раздзелах асноўнага Закона дзяржавы (“Асновы канстытуцыйнага ладу” і “Асоба, грамадства, дзяржава”), на артыкулах, прысвечаных праву грамадзян на адукацыю, на карыстане дзяржаўным мовамі, праву на працу і адпачынак, праву на свабоду аб’яднанняў, на ўдзел у культурным жыцці, якія непасрэдным чынам рэалізуюцца ў дзейнасці Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, пацверджаннем чаго з’яўляюцца шматлікія экспанаты музея: фотасправаздачы, навуковыя работы і ўзнагароды. Гурткоўцам было карысна атрымаць досвед працы ў фондах музея, што ў перспектыве можа паспрыяць іх навуковай дзейнасці.
Дадзенае плённае супрацоўніцтва Музея гісторыі ГрДУ і навуковага гуртка “Рэгіянальнай культуры і турызму” кафедры турызму і культурнай спадчыны было вырашана працягнуць падчас падрыхтоўкі экспазіцыі, прысвечанай навуковым школам Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.