Магістранты наведалі кінапаказ “Хронікі Нарніі” ў беларускамоўнай агучцы
Магістранты спецыяльнасці «Культурная спадчына і турызм” разам са старшым выкладчыкам кафедры турызму і культурнай спадчыны У.А.Жылко наведалі кінапаказ «Хронікі Нарніі: Леў, Вядзьмарка і гардэроб» на беларускай мове, прысвечаны Дню роднай мовы, які ва ўсім свеце адзначалі напрыканцы лютага. Захапляльнае фэнтэзі К.С.Льюіса «Хронікі Нарніі: Леў, Вядзьмарка і гардэроб» рэжысёра Эндру Адамсана расказвае аб прыгодах чацвярых дзяцей, якія апынуліся ў новым для сябе дзіўным месцы. Пасля пераезду дзеці выяўляюць у яго доме таямнічы гардэроб, адчыніўшы дзверцы якога можна трапіць у казачную краіну Нарнію, населеную фантастычнымі істотамі, разумнымі жывёламі і д’ябальскімі тролямі. Заклінанне злой вядзьмаркі прывяло Нарнію да вечнай зімы, і толькі цар Аслан здольны развеяць чары і вызваліць незвычайную краіну ад улады ліхадзейкі.
Кніга “Хронікі Нарніі” К.С.Льюіса перакладзена на больш за 50 моваў свету, таму вельмі паказальным фактам з’яўляецца пераклад кнігі і агучка кінастужкі на беларускую мову, на якой абсалютна паўнавартасна гучаць набыткі сусветнай культуры. У агучцы кінастужкі бралі ўдзел зоркі беларускага тэатра і кіно, напрыклад, акцёр Купалаўскага тэатра Павел Харланчук. Да таго ж, перакладчыкі дабавілі ў кінастужку яшчэ трошкі беларускіх рэалій: бабрыха частавала гасцей рыбай з дранікамі, а ў арыгінале была проста бульба. Пачынаючы з сакавіка, паказ фільмаў у беларускай агучцы будзе праходзіць у Гродна штомесяц. Азін з фільмаў, які плануецца аугучыць і паказаць у бліжэйшы час – «Валадар пярсцёнкаў» Дж.Р.Толкіна.
Магістранты атрымалі станоўчыя ўражанні і былі вельмі ўсцешаны прадстаўленай магчымасцю знаёмства з сусветным кінематографам менавіта на роднай мове. Студэнты плануюць надалей не прапускаць дадзеныя мерапрыемствы, якія садзейнічаюць карыснаму баўленню вольнага часу і папулярызацыі нацыянальных каштоўнасцей.